19 снежня 2025, Пятніца, 7:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У сталіцу Эквадора сцягнулі танкі для барацьбы з бунтам мафіі

4
У сталіцу Эквадора сцягнулі танкі для барацьбы з бунтам мафіі

Вайсковая тэхніка з'явілася ў гістарычным цэнтры места.

Улады Эквадора сцягнулі танкі ў сталіцу краіны Кіта для барацьбы з бунтам злачынных груповак, паведамляе Ecuavisa.

Вайсковая тэхніка з'явілася ў гістарычным цэнтры места пасля таго, як прэзідэнт Эквадора Даніель Набоа падпісаў указ аб абвяшчэнні «ўнутранага ўзброенага канфлікту» і загадаў вайскоўцам нейтралізаваць больш за 20 злачынных груповак, якія ўчынілі беспарадкі ў некалькіх буйных местах.

Кіраўнік Аб'яднанага камандавання ўзброеных сіл краіны Гаймэ Вэла заявіў, што "кожная тэрарыстычная групоўка, згаданая ва ўказе, з'яўляецца вайсковай цэллю". У сваю чаргу парламент паабяцаў вайскоўцам і паліцыянтам амністыю ў выпадку перавышэння імі службовых паўнамоцтваў.

Беспарадкі пачаліся пасля нападу ўзброеных людзей на студыю TC Televisión у месце Гуаякілі. Яны ў жывым эфіры ўзялі ў закладнікі тэлевядоўцаў і журналістаў. У выніку спецыяльнай аперацыі паліцыя затрымала 13 нападнікаў і выставіла ім абвінавачанне ў тэрарызме. Падчас узніклых непарадкаў у месце загінулі восем чалавек, яшчэ двое, у тым ліку паліцыянт, пацярпелі.

Сітуацыя ў Эквадоры моцна абвастрылася 7 студзеня пасля ўцёкаў з турмы лідэра злачыннай групоўкі «Лос Чонэрас» на мянушку Фіта. Гэта прывяло да бунтаў у некалькіх пенітэнцыярных установах краіны. У гэты ж дзень у месце Рыабамба са зняволення ўцёк кіраўнік другой найбуйнейшай банды краіны «Лос Лобас» на мянушку Капітан Піко.

На гэтым фоне ў Кіта і Гуаякілі пачалі замыкацца крамы і гандлёвыя цэнтры, шэраг дзяржаўных устаноў, у тым ліку Нацыянальны сход, Судовая рада і Генеральная пракуратура перайшлі на дыстанцыйную работу ў якасці прэвентыўных захадаў.

Прэзідэнт Эквадора абвясціў на тэрыторыі ўсёй краіны рэжым надзвычайнага становішча на 60 дзён. Ён прадугледжвае ўвядзенне каменданцкай часіны і абмежаванне грамадзянскіх вольнасцяў, у тым ліку скасаванне недатыкальнасці жылля.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках