«Могуць і з віламі пайсці адміністрацыю атакаваць»
7- 10.01.2024, 10:59
- 8,056
Жыхары Барысава замярзаюць у сваіх кватэрах.
Жыхары старой часткі мікрараёна Лядзішча ў Барысаве скардзяцца на непрацоўныя батарэі. Мяркуючы са здымкаў, у кватэры крыху больш за 15 градусаў цяпла, піша ex-press.by.
“Барысаў, р-н Лядзішча, Энка, д. 47. На дварэ мінус 20. Батарэі не грэюць, было шмат зваротаў, але ўсе спасылаюцца на кацельню, якая разлічаная на 12 дамоў, але чамусьці абслугоўвае і новы раён”, — такое тлумачэнне з'явілася ў гарадскім пабліку “Барысаў”.
Жыхары мікрараёна паказалі фота, тэрмометр паказвае крыху больш за 15 градусаў цяпла:

Нагадаем, скаргі на холад у кватэрах у Лядзішчы былі і летась, прычым, як у старой частцы мікрараёна, так і ў Лядзішчы-2.
Начальнік участка кацельні №1 Андрэй Клімковіч паведаміў, што кацельню ў Лядзішчах на 30 МВт за гадзіну будавалі туркі разам з мікрараёнам у 1992 годзе. Ён не адмаўляў, што да іх кацельні падвялі цеплатрасу і зрабілі ўрэзку да дамоў новага мікрараёна Лядзішча-2. Паводле ягоных слоў, магутнасцей іх цепланосбіта досыць. Ён адзначыў, што новыя дамы будуць ацяпляць да таго часу, пакуль не пабудуюць новую кацельню ў гэтым мікрараёне.

- Кацельня ў "Лядзішча-2", вядома ж, будзе! - сказаў спецыяліст зімой мінулага года. - Ужо гатовы яе праект, вызначанае месца. Новая кацельня будзе магутная. У перспектыве нават будаўніцтва трэцяга катла (калі раён будзе пашырацца ў будучыні). Каб людзі хутчэй маглі заехаць у жыллё, дамы пакуль падключаць да нашай кацельні.
Аднак чытач паведаміў, што праекту новай кацельні ніхто не бачыў, хоць праводзіліся грамадскія абмеркаванні праекту новага мікрараёна.
У гарадскім пабліку барысаўка піша:
- Будні крыштальнай судзіны пасярод Еўропы. Кацельня абслугоўвае ў 10 разоў больш, чым павінна, тыя, хто даваў дазвол на засяленне новага раёна, пра ацяпленне не падумалі (ці не захацелі падумаць), у дамах +15 тэмпература, жыхары пішуць допісы ў ЖК (пакуль ананімна!). Не з віламі ідуць адміністрацыю атакаваць, а ананімныя допісы пішуць... Ну дык тады мерзніце і не жальцеся! Да траўня будзе ўсё ў парадку. Засталося яшчэ крыху пацярпець.