СМІ: Падмаскоўе замарозіў ахоўнік Пуціна
14- 10.01.2024, 11:14
- 21,812
Палкоўнік ФСБ кіраваў заводам, які пакінуў без цяпла больш за 20 тысяч чалавек.
Патронны завод у расейскім горадзе Падольск (Маскоўскай вобласці), з-за аварыі на якім без цяпла ў 20-градусны мароз засталіся 20 тысяч чалавек, узначальваў былы ахоўнік расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, а пасля - палкоўнік ФСБ. Пра гэта паведамляе расейскае медыя "Агентство".
Апошнія паўтара года гендырэктарам Клімаўскага спецыялізаванага патроннага завода (горад Клімаўск уваходзіць у склад акругі Падольск) быў Ігар Кушнікаў - у канцы 90-х гадоў ён абвінавачваўся ў датычнасці да адной з расейскіх АЗГ. Пры гэтым кіраўніцтва АЗГ, на рахунку якой больш за 40 забойстваў, сумяшчалася з працай у ФСБ.
У расейскіх спецслужбах Кушнікаў даслужыўся да рангу палкоўніка. Пасля яго прызналі вінаватым паводле аднаго эпізоду злоўжывання паўнамоцтвамі, але вызвалілі па заканчэнні тэрміна даўніны.

Раней дырэктарам завода быў Ігар Рудыка. Са звестак "Коммерсанта", гаворка ідзе аб былым супрацоўніку спецпадраздзялення ФСБ "Альфа" і супрацоўніку расейскай Федэральнай службы аховы. Са звестак журналістаў, Рудыка з 2017 да 2019 года рэгулярна знаходзіўся ў ліку ахоўнікаў Пуціна.
Да расейскіх сілавікоў патронным заводам каля чатырох гадоў кіраваў Іван Дарагіх. Але ён уладкаваўся з падробленым дыпломам аб вышэйшай адукацыі. Паводле інфармацыі журналістаў, яго могуць абвінаваціць у шэрагу супрацьзаконных дзеянняў.