Стала вядома прычына арышту жлобінскага чыноўніка
3- 10.01.2024, 11:14
- 13,600
На вынік суда пакаянне не паўплывала.
Начальніка (праўда, цяпер ужо былога) аддзела спорту і турызму Жлобінскага райвыканкама Яўгена Ахрэменку асудзілі на 15 дзён 28 снежня. Высветліліся падрабязнасці яго затрымання.
Яўгена Ахрэменку арыштавалі за “падабайку”, якую ён паставіў на адной з інстаграм-старонак, прызнаных экстрэмісцкімі, піша “Гомельская вясна”.
Ахрэменка адзначыў падабайкай публікацыю "Free_Zhlobin", уключанага ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, і "тым самым павялічыў ахоп аўдыторыі для яе прагляду, чым распаўсюдзіў інфармацыйную прадукцыю названай супольнасці".
У допісе аўтары віншавалі з "днём прафнепрыдатнасці" супрацоўнікаў КДБ.
Сам Ахрэменка падчас судовага працэсу віну прызнаў часткова і патлумачыў, што гэта было зроблена выпадкова, мэты распаўсюджвання не меў, паколькі перачытваў публікацыі названай супольнасці з мэтай выяўлення і спынення супрацьпраўных дзеянняў з боку падпарадкаваных супрацоўнікаў і спартоўцаў.
Але на вынік суда пакаянне чыноўніка не паўплывала, роўна як і тое, што Ахрэменка мае трох непаўналетніх дзяцей: 15 дзён і канфіскацыя “прадмета злачынства” - мабільнага тэлефона.
Варта адзначыць, што ў інстаграм-старонцы самога Ахрэменкі кантэнт выключна “ідэалагічна правільны”: граматы ад іншых чыноўнікаў, афіцыйныя мерапрыемствы, спорт.
Так што, не выключана, што Ахрэменка сапраўды не хлусіў у судзе, але, як можна ўбачыць - гэта нікога не цікавіць і аналагічныя паводзіны нікога не выратуюць.