Сітуацыя на Купянскім кірунку значна змянілася
- 10.01.2024, 11:43
- 13,528
Ці будзе наступ войскаў РФ на Харкаў?
На Купянскім кірунку ўкраінскія войскі нанеслі супраціўніку значныя страты.
У той жа час, расейскія акупацыйныя войскі зменшылі інтэнсіўнасць сваіх нападаў. Пра гэта паведаміла начальніца службы сувязяў з грамадскасцю 14-й асобнай механізаванай брыгады імя князя Рамана Вялікага маёр Надзея Замрыга ў эфіры «Эспрессо».
“Брыгада знаходзіцца на Купянскім кірунку. Вораг крыху зменшыў колькасць атак, але не пакінуў сваіх намераў. Такую сітуацыю мы ўжо назіралі. Захопнікі працуюць хвалямі, падцягваючы рэзервы”, - адзначае яна.
Паводле ейных слоў, калі расейцы на працягу аднаго дня спрабуюць штурмаваць абарончыя пазіцыі УСУ больш за 10-15 разоў, то гэта можа сведчыць аб намеры супраціўніка знайсці слабыя месцы для далейшага прарыву.
“Варожая пяхота рухаецца, ідзе цяжкая і аўтамабільная тэхніка, падвозячы БК і харчаванне. Калі расейцы нясуць страты, атрымаўшы па зубах, то яны не забіраюць сваіх загінулых і параненых. Адыходзяць на свае пазіцыі, і некалькі дзён маем колькасць атак менш за 10. Цяпер такі перыяд”, - адзначыла Замрыга.
Яна таксама дадала, што падчас наступальных дзеянняў на Купянскім кірунку расейцы панеслі вялікія страты ў жывой сіле.
«Цяпер супраціўнік спрабуе папоўніць запасы чалавечага рэсурсу. У асноўным гэта мабілізаваныя, якія нядаўна адбывалі пакаранне ў месцах пазбаўлення свабоды, і іх вельмі шмат. Чакаем, што неўзабаве павялічыцца колькасць атак з боку ворага», - падкрэсліла Замрыга.
Нагадаем, 4 студзеня журналісты выдання The Telegraph апублікавалі матэрыял, у якім сцвярджалася, што расейскія акупанты рыхтуюцца да наступу ў раёне Купянска. Са звестак брытанскіх журналістаў, чакаецца, што напад адбудзецца 15 студзеня.