«Дагэтуль сядзіць на пасадзе, прызначыўшы жонку віцэ-прэзідэнткай»
- 10.01.2024, 12:38
- 9,866
Праўда пра краіну, якую беларусы неўзабаве змогуць наведаць без віз.
У рэдакцыю сайта Charter97.org напісаў чытач Веньямін з Салігорску:
- На пачатку новага 2024 года вычытаў я пра “велізарны дыпламатычны поспех” тутэйшай улады: падпісанае міжурадавае пагадненне паміж Беларуссю і Нікарагуа аб узаемным скасаванні віз. Ужо праз месяц.
З цікаўнасці спытаўся ў калег, ці ведаюць яны пра тое, дзе хаця б знаходзіцца тая дзяржава. Яны былі ўпэўненыя, што ў Афрыцы.
Ну тут я магу сябе пахваліць, бо ведаю болей. Некалі за савецкім часам я быў у сваім класе так званым “палітычным інфарматарам”: раз на тыдзень рабіў агляд падзей у свеце. Дык вось пра Нікарагуа савецкія газэты пісалі рэгулярна.
Рэч у тым, што ў 1979 годзе ўладу там захапілі марксісты з Сандынісцкага фронту нацыянальнага вызвалення на чале з Даніелем Артэгам, якім спачуваў і дапамагаў СССР. Усчалася грамадзянская вайна. Закончылася яна толькі ў 1990 годзе свабоднымі выбарамі, на якіх перамаглі дэмакратычныя партыі.
На жаль, дэмакратычны перыяд не трываў вельмі доўга: у 2006 годзе былы дыктатар Даніель Артэга дзякуючы свайму папулізму здолеў перамагчы на чарговых выбарах і… дагэтуль сядзіць на пасадзе, прызначыўшы сваю жонку віцэ-прэзідэнткай. Усе выбары з таго часу суправаджаюцца шматлікімі парушэннямі. Дэмакратычныя актывісты зазнаюць пераслед, шмат хто выгнаны з краіны і пазбаўлены грамадзянства. Супраць рэжыму ўведзеныя санкцыі ЗША і Еўразвязу. А вось з Пуціным Артэга мае поўнае паразуменне: нават Абхазію прызнаў. Не нагадвае нічога і нікога?
У даўнейшыя спакайнейшыя часы самыя апантаныя і заможныя падарожнікі з Беларусі даляталі да Цэнтральнай Амэрыкі, да Кубы і Мэксікі, напрыклад. Ці паквапяцца яны цяпер на карыбскія пляжы Нікарагуа, да якіх 10 тысяч км, калі цяпер вялікая праблема трапіць нават у суседнюю Польшчу?
А можа, турамі ў экзатычную Нікарагуа будуць узнагароджваць “выдатнікаў” сёлетняга так званага адзінага дня галасавання? Будзе добрая нагода абмяняцца досведам з прадстаўнікамі братняга рэжыму, як фальшаваць выбары ды абыходзіць санкцыі…