Кухара з Менска судзілі за ўдзел у акцыі пратэсту
3- 10.01.2024, 17:24
- 9,132
Прысуд вынесла суддзя Лідзія Цяліца.
У судзе Маскоўскага раёна Менска 6 снежня 2023 года асудзілі Мікіту Новіка паводле ч.1 арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса, паведамляюць праваабаронцы.
Суддзя Лідзія Цяліца прызначыла Мікіце два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Менску ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Як паведамляецца ў судовай пастанове, «у натоўпе разам з іншымі грамадзянамі, якія мелі пратэстную сімволіку, рухаўся па праезнай частцы дарогі». Яго апазналі па пратэстных фатаграфіях у інтэрнэце.
Да абвяшчэння прысуду мужчына знаходзіўся пад вартай.
Мікіта Новік працаваў поварам у адкрытым акцыянерным таварыстве.