Экс-палкоўнік ФСБ указаў на прыкмету глыбокага расколу ўнутры расейскіх элітаў
3- 10.01.2024, 17:46
- 12,514
У Крамлі ўсё можа змяніцца.
Не толькі прыгожынскі мяцеж стаў індыкатарам пратэстных настрояў у РФ, але і канцэпцыя Валерыя Салаўя аб двайніках і Пуціне ў лядоўні. Тэорыя пра Васільіча, які кіруе Расеяй, вельмі добра прымаецца грамадствам і не спыняецца ўладамі. Гэта сведчыць аб тым, што ўнутры эліты такая гульня камусьці выгадная.
Такое меркаванне выказаў былы палкоўнік ФСБ, экс-дэпутат Дзярждумы РФ Генадзь Гудкоў для YouTube-канала «Теперь».
«Я моцна сумняваюся, што гэтая гульня выгадная самому Пуціну. Чуць, што Васільевіч выйшаў на публіку, а ты ў лядоўні і не можаш удзельнічаць на нарадах, бо надта доўга цябе «размарожваюць», такое сабе задавальненне. Ну і ўсякія там жарты пайшлі на гэтую тэму, прыколы і канспіралагічныя версіі. Думаю, што гэта акурат сведчыць аб глыбокім расколе ўнутры элітаў», – адзначыў эксперт.
Са слоў Гудкова, гэты раскол пакуль яшчэ не набыў адкрытага характару толькі праз адносна стабільнае становішча расейскіх войскаў на франтах.
«Гэта значыць, людзі ў асяроддзі Пуціна проста чакаюць, што будзе далей: куды пойдзе свет, што зробяць ЗША, якую пастанову прыме Еўропа. І калі частка элітаў адчуе, што будзе дрэнна, то гэты канфлікт пачне нарастаць. Фактычна зараз усё вызначае сітуацыя на фронце і ўзровень рашучасці Захаду ў падтрымцы Украіны», - падсумаваў апазіцыянер.