Кампанія Playtika закрые менскі офіс
3- 10.01.2024, 19:19
- 7,256
Каманду скароцяць.
Топ-мэнэджмэнт ізраільскай геймдэў-кампаніі Playtika паведаміў беларускай камандзе, што офіс распрацоўкі ў Менску будзе закрыты ў канцы лютага. Частку супрацоўнікаў скароцяць, частка, імаверна, працягне працаваць выдалена. Пра гэта devby.io распавялі супрацоўнікі кампаніі.
Аб закрыцці офіса стала вядома 10 студзеня на мітынгу. Са слоў адной з крыніц, камандзе паведамілі, што 29 лютага - апошні дзень працы менскага офіса.
- Афіцыйная прычына закрыцця - legal issues (заканадаўчыя пытанні - заўв.). Іншых падрабязнасцяў не агучылі. Раней дырэктар менскага офіса казаў, што пакуль няма праблем з грашыма, менскі офіс не закрыюць. Але, магчыма, з'явіліся праблемы з пералічэннем грошай у Беларусь.
У менскім офісе сёння працуюць блізу 300 чалавек. Частку супрацоўнікаў кампанія скароціць. Але хто патрапіць пад скарачэнне і што будзе з астатняй часткай каманды, дакладнай інфармацыі пакуль няма.
Са слоў крыніц, чакаецца, што кампанія скароціць 50% усёй менскай каманды, гэта значыць, амаль 150 чалавек.
«Спецыялістам, якія трапілі пад скарачэнне, прапануюць 3 опцыі: праца на выдаленні (праз Грузію), рэлакацыя (крыніцы называюць Польшчу - заўв.) або адкрыццё ІП. Звольненым кампанія прапануе бонусы і падтрымку ў пошуку новага месца працы. Кампенсацыя, як і год таму - заробак да канца кантракту плюс яшчэ адзін заробак і бонусы за 2023 год. Але канец кантракту ў асноўным ва ўсіх у лютым».
Са слоў іншай крыніцы, «рэлакацыі можа не быць, а будзе 100% work from anywhere». Яшчэ адзін супрацоўнік кампаніі распавёў, што «інфармацыя аб сітуацыі са скарачэннямі хутка мяняецца. Напэўна, да канца тыдня будзе зразумела, хто застанецца».
Таксама з'явілася інфармацыя, што супрацоўнікам, якія трапілі пад скарачэнне, закрылі ўсе доступы.
Playtika заснаваная ў 2010 годзе ў Ізраілі, штаб-кватэра - у горадзе Герцліі. На гэты момант у кампаніі адкрыта больш за 10 падраздзяленняў у розных краінах. Агульная колькасць супрацоўнікаў, як паказана на сайце кампаніі, 3,7 тысячы, у тым ліку ў Беларусі - блізу 300.
У 2021 годзе кампанія выйшла на IPO. У лістападзе 2021 года інвестары пачалі расследаванне супраць кампаніі пасля нечаканага абвалу акцыяў. За 2022 год Playtika ўвайшла ў топ-10 самых даходных мабільных паблішэраў.
У сакавіку 2023 года Playtika заявіла, што не будзе запускаць новыя гульні датуль, пакуль гэта не стане рэнтабельным. Замест гэтага кампанія засяродзіць далейшыя інвестыцыі на «студыях з высокім патэнцыялам росту».