З'явіўся абноўлены рэйтынг пашпартоў
4- 10.01.2024, 21:15
- 12,018
Як справы ў Беларусі.
Кансалтынгавая кампанія Henley & Partners апублікавала рэйтынг пашпартоў краінаў свету ў залежнасці ад колькасці бязвізавых кірункаў, куды могуць паехаць іх уладальнікі. Беларусь у ім па-ранейшаму ніжэйшая за ўсіх суседак, на 64-м месцы, паведамляе «Люстэрка».
Паводле звестак аналітыкаў, беларусам даступная 81 краіна, куды можна паехаць без візы або ў спрошчаным парадку. Адзначым, паўгода таму іх было 79 – на дзве менш.
Сярод краінаў-суседак найлепшыя пазіцыі ў Польшчы – 6-е месца (вольны ўезд у 189 краінаў). Літва дзеліць 8-е месца з Эстоніяй (187), Латвія – на 9-м радку (186), Украіна – на 32-м (148), Расея – на 51-м (119).
А ўвогуле наймацнейшымі пашпартамі ў свеце могуць пахваліцца грамадзяне адразу шасці краінаў – Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Сінгапура і Гішпаніі: ім даступныя 194 бязвізавыя кірункі.
Яшчэ ніжэй за наш краіну ў рэйтынгу размясціліся Казахстан (78 краінаў), Азербайджан (72), Арменія (68), Кыргызстан (65). А апошні, 104-ы, радок займае Афганістан – ягоныя грамадзяне могуць свабодна выехаць у 28 дзяржаваў.