У Расею хлынуў какаін з Нікарагуа
17- 10.01.2024, 21:40
- 8,196
Наркотык знайшлі на борце карабля з лацінаамерыканскай краіны ў Вялікім порце Санкт-Пецярбурга.
Мытнікі разам з супрацоўнікамі ФСБ канфіскавалі ў Вялікім порце Санкт-Пецярбурга больш за тону какаіну. Наркотык знайшлі на борце карабля з Нікарагуа: ён быў расфасаваны ў брыкеты з надпісамі Dior і BBB, схаваныя ў грузавым кантэйнеры.
Паводле ацэнак мытнай службы, кошт такой партыі какаіну на чорным рынку складае 11 млрд рублёў. Распачатая крымінальная справа паводле артыкула «Кантрабанда наркотыкаў у асабліва буйным памеры». Пакаранне паводле яе прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да пажыццёвага.
Нікарагуа – адзіная лацінаамерыканская краіна, якая прызнала акупацыю Крыма Расеяй у 2014 годзе. Таксама яна галасавала супраць рэзалюцыі Генасамблеі ААН з асуджэннем анэксіі яшчэ чатырох рэгіёнаў Украіны восенню 2022 года.
Гэта ўжо не першы выпадак, калі мытня спыняе кантрабанду наркотыкаў у пецярбургскім порце. У канцы 2023 года супрацоўнікі ФМС затрымалі больш за 100 кг какаіну, знойдзенага на караблях з Бельгіі. Парашок быў схаваны ў кантэйнерах з бананамі. Паводле факту здарэння распачалі дзве крымінальныя справы.
У верасні 8 кг какаіну знайшлі на караблі з Латвіі. А ў чэрвені ў тым жа порце было канфіскавана 50 кг аналагічнага наркотыку, схаванага ў рэфрыжэратарах для транспартавання бананаў. Груз рухаўся з Афрыкі ва Узбекістан транзітам праз Еўропу.
Згодна з апошняй даступнай статыстыкай ФМС, усяго са студзеня да верасня 2023 года мытнікі канфіскавалі больш за 22 тоны наркатычных рэчываў, што амаль на 16% больш у параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года. Больш за 1,6 тоны прыпала на гашыш і гашышны алей, таксама былі канфіскаваныя 316 кг какаіну і 19 тонаў прэкурсораў наркатычных рэчываў.
Пра апошнюю буйную партыю какаіну, перахопленую ў Маскве, паведамлялася ў канцы снежня летась. Тады супрацоўнікі ФСБ затрымалі з доказамі злачынства мужчыну і жанчыну – у іх было канфіскавана 673 кг какаіну. Аптовы кошт такой партыі ў Расеі перавышае 2,5 млрд рублёў, раздробны – не менш за 6,5 млрд рублёў. Паводле версіі ФСБ, наркотык быў прывезены з Лацінскай Амерыкі для далейшай дастаўкі ў краіны Еўразвязу.