Кітаец, які ваюе супраць Украіны, паскардзіўся на варункі ў расейскім войску
21- 21.01.2024, 21:40
- 17,934
І просіць дапамогі ў МЗС сваёй краіны.
Кітаец, які ваюе на баку Расеі, паскардзіўся на варункі ў войску і паведаміў, што марна спрабуе вярнуцца ў Кітай на лячэнне. Пра гэта паведамляе Bild.
У сацыяльнай сетцы X з'явілася відэа, на якім кітайскі найміт, які ваюе з расейскага боку ва Украіне, апавядае аб тым, што ён моцна застудзіўся, у яго апухла і гноіцца горла.
“Тут няма ніякай медыцынскай дапамогі. Усім усё адно. Боль забівае мяне», — скардзіцца ён. Са слоў вайскоўца, лекар пасля агляду не забяспечыў належнага лячэння.
«Я звярнуўся ў кітайскую амбасаду ў Расеі. Яны сказалі, што гэта мая асабовая праблема, — кажа мужчына. — Я павінен скончыць свой кантракт тут і вярнуцца ў Кітай, каб аднавіцца».
На відэа кітаец кажа, што 40 хвілін ішоў у пошуках мабільнай сувязі, каб адправіць паведамленне, і просіць дапамагчы яму звязацца з МЗС Кітая.
Да гэтага мужчына запісваў відэа, як ён з расейскімі вайскоўцамі адпраўляецца на фронт.