У Беларусі ўвялі новыя патрабаванні для работнікаў у сферы таксі і нерэгулярных перавозак пасажыраў
14- 25.01.2024, 19:01
- 24,138
Лукашэнка падпісаў указ.
Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня падпісаў указ «Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў». Пра гэта паведаміла прэс-служба ўзурпатара.
Указам прадугледжваецца стварэнне дзяржрэестра аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных злучэннях. Яго аператарам і ўладальнікам будзе Транспартная інспекцыя.
У рэестр будуць уключацца звесткі аб перавозніках, транспартных сродках (аўтобусах, легкавых аўтамабілях, аўтамабілях-таксоўках), кіроўцах, дыспетчарах перавозак у нерэгулярных злучэннях, дыспетчарах таксовак.
Уключэнне ў рэестр звестак з 1 жніўня да 31 кастрычніка 2024 года будзе ажыццяўляцца без спагнання дзяржаўнай мыты.
Для замежных дыспетчараў устанаўліваецца абавязак стварэння на тэрыторыі Беларусі юрыдычнай асобы. Яна будзе выступаць у якасці дыспетчара або перавозніка і выконваць усе адпаведныя патрабаванні заканадаўства.
А патрабаванні накладаюцца вельмі сур'ёзныя. Дыспетчары і перавознікі будуць абавязаныя:
выкарыстоўваць для працы толькі праграмы, інфармацыйныя рэсурсы (у тым ліку дадаткі для атрымання заказаў ад кліентаў), размешчаныя на тэрыторыі Беларусі (гэта значыць, на беларускіх серверах) і зарэгістраваныя ў адпаведных дзяржрэгістрах. Выкарыстанне іншых інфармацыйных сістэм забараняецца, у такім выпадку дзейнасць будзе карацца як незаконныя перавозкі. У тым ліку нельга карыстацца замежнымі праграмамі і кіроўцам;
выкарыстоўваць для перавозак і перадаваць заказы толькі тым кіроўцам і аўто, якія ўключаныя ў рэестр;
фіксаваць усе заказы, у тым ліку атрыманыя онлайн, і весці іх улік, захоўваць інфармацыю аб заказах пяць гадоў;
надаваць сілавікам, а таксама кантрольным і іншым датычным дзяржорганам доступ да інфармацыі аб заказах і інфармацыі ў персанальным кабінеце перавозніка. Гэты доступ павінен быць бясплатным, кругласутачным, дыстанцыйным, з магчымасцю выгрузкі звестак і гэтак далей. Гэтыя рэсурсы і базы звестак павінны быць тэхнічна размешчаныя на тэрыторыі Беларусі;
устанавіць у салонах аўтамабіляў і аўтобусаў камеры для відэафіксацыі працэсу перавозкі пасажыраў. Захоўваць запісы перавознікам давядзецца цягам месяца і зноў жа толькі на рэсурсах, размешчаных у Беларусі.
Таксама Транспартная інспекцыя ў мэтах кантролю набывае права атрымліваць персанальныя звесткі фізічных асоб без іх пісьмовай згоды, у тым ліку з розных баз звестак і рэсурсаў, якія вядуць юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі.