25 снежня 2025, Чацвер, 18:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзе такі завод?»: Відэа пра заробак працоўнага выклікала ажыятаж у Беларусі

53
«Дзе такі завод?»: Відэа пра заробак працоўнага выклікала ажыятаж у Беларусі

Людзі падзяліліся на два лагеры.

Беларускі блогер у ЦікТоку пад нікам «Хлопец з народа» падзяліўся паведамленнем сваёй падпісчыцы, якая заявіла, што яе муж зарабляе 8-9 тыс рублёў на заводзе, а пры перапрацоўцы і ўсе 12 тыс.

Відэа набрала амаль 200 тыс. праглядаў, а каментароў гледачы пакінулі амаль 3 тыс.

«Чытаю каментарыі, і бачу, што 8-9 тысячаў чалавек атрымлівае на заводзе ў Беларусі. Дзе? Дзе такі завод? Скіньце, калі ласка адрас. Людзі, не я, шукаюць працу. А вы пішаце, на заводзе 8-9 тыс рублёў», – папрасіў блогер пад нікам «Хлопец з народа».

Ён удакладніў для гледачоў з Расеі і Украіны, што такі памер беларускіх рублёў складае прыкладна 2700 даляраў. «Разумееце? 2700 даляраў зарабляе чалавек на заводзе ў Беларусі, – расказаў мужчына, з інтанацыі якога становіцца зразумела, што такім заявам ён не вельмі давярае. – Стаж усяго толькі 5 гадоў. Гэта няшмат».

Блогер паабяцаў кінуць працу за мяжой і вярнуцца ў Беларусь, калі б здолеў знайсці такую працу. «Навошта я ем тут нейкую х...ню, якой мяне кормяць тут», – прызнаўся «Хлопец з народа».

«Людзі да вас з Расеі папрыязджаюць, вы толькі скажыце адрас», – запэўніў сваю падпісчыцу, якая пахвалілася такім заробкам мужа, блогер у ЦікТоку.

Мужчына пагадзіўся, што ў Беларусі ёсць спецыялісты, якія шмат зарабляюць. На ягоную думку, некаторыя лекары могуць. «Але гэта не завод, – падзяліўся сваім недаверам блогер. – Я, карацей, у шоку. Згубіўся ў гэтым свеце. Навошта людзі становяцца айцішнікамі? Навошта людзі ў шкодных умовах працуюць? Там нехта ў шахтах лазіць?»

Мужчына папрасіў падпісчыкаў напісаць у каментарах, хто колькі зарабляе і дзе ў Беларусі. І тут пачалося. Як водзіцца, гледачы падзяліліся на два лагеры.

Адны са скепсісам паставіліся да заяўленага заробку.

«Ляпёшак каровіных ён атрымлівае. Я кіроўцам на гарадскім аўтобусе ў Менску з перапрацоўкамі 3200 бел. рублёў зарабляю», – расказаў адзін з падпісчыкаў.

«Не бывае там такіх заробкаў, сам працую на заводзе і маю ад сілы 3000, але гэта працаваць трэба за траіх», – абурыўся адзін з гледачоў.

«Цалкам з вамі згодзен. На Белазе на ўгодзе 1000$», – напісаў нейкі падпісант пад нікам «гусь».

«Муж, напэўна, у элітным экскорце, а жонцы кажа, што ходзіць на завод у змену працаваць», – быў і такі каментар.

«Шахцёры столькі не атрымліваюць нават», – напісала «Наташа».

Былі і тыя, хто назваў свой і сваіх сваякоў заробак.

«Мой сын працуе на заводзе. Заробак 1800 за дзве змены і плюс суботы. Дзе гэта можна зарабіць 8000–9000?», – спыталі Марыя.

«Мой муж працуе на заводзе Магілёўская вобл. Заробак 1200. Я працавала там да дэкрэта 1300», – прызналася іншая жанчына.

«На заводзе 2000–3000 р у невялікім горадзе. Гэта рэальна», – заявіў іншы падпісчык.

«Льнокамбінат 1200–1400», – расказаў яшчэ адзін глядач.

«Патрапіў у маладосці на завод. Дзяды атрымлівалі на ўгодзе 2к. Працавалі шэсць дзён на тыдзень. 12 гадзінаў.

Цяпер я працую ў каналізацыі за 1100–1300», – прызнаўся яшчэ адзін мужчына.

А былі і такія, што прыняліся жартаваць з гэтай нагоды.

«Працую на пошце, атрымліваю 19000–37000 рублёў, калі браць падпрацоўкі то і 100000 атрымліваецца», – напісаў пра свае «касмічныя» заробкі яшчэ нехта.

«Не працую, даплачваюць 10000, каб нікуды не ўладкоўваўся», – пажартаваў яшчэ адзін падпісчык.

«Працую на заводзе 2 дні, заробак 17200 бунаў (BYN). Гэта дыстанцыйна, а калі наведваць завод, 37000 выходзіць», – іранізаваў іншы падпісчык.

Аднак іншыя настойвалі, што такое магчыма. Можа, і не ў такіх маштабах, але таксама вялікія заробкі.

«Дык, можа, трэба добра пашукаць. Хто хоча, той знойдзе і ў Беларусі, павер ты мне», – напісаў адзін з гледачоў.

«Дарэчы, толькі сёння глядзеў на вялікі склад Дабраном ад 2100, калі не памыляюся да 5400 бел. руб. у Менску, – напісаў Зміцер. – Але 8–9 тыс я не бачыў».

«5000 рублёў ёсць заробак на рукі на заводзе, проста заводы ёсць прыватныя. І яшчэ заробкі пайшлі ўгару, бо няма каму працаваць», – расказаў яшчэ адзін глядач.

«Можна ў нас такія грошы зарабляць!!! Але жыць на працы давядзецца!!! Здароўя – мінус 2-3 нормаў, хто працуе!» – расказаў яшчэ адзін нейкі «Вася».

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках