23 снежня 2024, панядзелак, 0:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як князь Альгерд на Маскву хадзіў

Як князь Альгерд на Маскву хадзіў

Гісторыя слаўных перамог ВКЛ над усходнім суседам.

Пасля смерці Гедыміна, бацькі Альгерда, Вялікае Княства Літоўскае праз адсутнасць парадку спадкавання пасаду некалькі гадоў было на мяжы распаду, піша «Літвін».

Фактычна яно было падзеленае на восем частак: сем з іх дасталася сынам Гедыміна і адна адышла ягонаму брату Воіну. Аднак пасля прыходу ў Вільню крыжакоў браты пагадзіліся падпарадкавацца Альгерду і прызнаць яго вялікім князем.

Ягоны брат і сукіраўнік Кейстут, узяўшы на сябе паўночны захад княства, павёў барацьбу з Тэўтонскім ордэнам. Альгерд засяродзіў сілы на ўсходзе і паўднёвым усходзе. У 1355 годзе ён пашырае межы княства, далучае да дзяржавы Бранск, а потым, пасля паспяховай бітвы з татарамі, і Падольск.

Першае сур'ёзнае сутыкненне паміж Масквой і Літвой адбылося ў 1368 годзе. Да гэтага іх інтарэсы ненадоўга перасякаліся толькі ў 1335 годзе пры барацьбе за Ржэў і ў 1341 годзе пры паходзе Літвы на Мажайск. Бо ў тыя гады мяжы паміж гэтымі дзяржавамі не існавала. Яна пралягла паміж маскоўскімі і літоўскімі землямі менавіта ў часы кіравання Альгерда пры пашырэнні ягоных уладанняў.

Падужэлую Літву імкненне Дзмітрыя Іванавіча, кіраўніка Маскоўскага, заняць паноўнае становішча на паўночным усходзе Русі, ужо не задавальняла. Маючы даволі значнае войска, у 1368 годзе войска Альгерда першы раз адпраўляецца на Маскву на просьбу зяця, Міхаіла Аляксандравіча.

Будучы кіраўніком Цверы і пацярпеўшы паразу з маскоўскім князем у барацьбе за Уладзімір, ён з'явіўся ў Літву па дапамогу. У гэты час Масква, якая даўно спрабавала аслабіць ягонае княства з дапамогай адлучэння ад Цверы Кашынска, асадзіла Цвер. Узяць горад не атрымалася. Міхаіл разам з літоўскімі войскамі здолелі адбіць атаку.

Падышоўшы да Масквы, войска Альгерда разбіла невялікі, спехам сабраны полк Дзмітрыя Мініна і на трое дзён аблажыла горад. Сам Мінін, гэтаксама, як і ваявода Акінф Шуба, загінулі. Узяць гэтым разам толькі што адбудаваны каменны Крэмль літоўцы не здолелі. Доўгая аблога была немагчымая – князь атрымаў вестку пра паход на свае зямлі тэўтонскіх рыцараў. Але ўсё ж уплыў Масквы на Цвер на час быў аслаблены. Вяртаючыся на захад, армія цалкам разбурыла навакольныя землі.

Другі паход Альгерд распачаў з 1370 года пасля паўторнай аблогі Дзмітрыем Маскоўскім Цверы. На гэты раз у ім таксама ўдзельнічаў брат князя літоўскага Кейстут, Міхаіл Цвярскі і смаленскі князь Святаслаў. Спустошыўшы ваколіцы Валакаламска (узяць сам горад прыступам не атрымалася), Альгерд рушыў да Масквы. Але ёй на дапамогу пачалі збіраць войскі сваяк Дзмітрыя Уладзімір Храбры і разанскі кіраўнік Алег Іванавіч.

Разумеючы, што перавага і ў гэты раз не на ягоным баку, Альгерд саступіў, прапанаваўшы Уладзіміру Храбраму ўзяць у жонкі сваю дачку Алену. Але, нягледзячы на шлюб, Масква пагадзілася толькі на часовае перамір'е.

Дамовіцца з Маскоўскім князем атрымалася толькі з трэцяга разу. У 1372 годзе з прычыны новага канфлікту яго з Цвер’ю Альгерд злучаецца ля Любуцка з цверычамі, князямі пскоўскім і друцкім, а таксама братам Кейстутам. Падышоўшы ўтойліва, маскоўскае войска спачатку перабіла вартавы полк. Потым праціўнікі разышліся на некаторую адлегласць.

Прастаяўшы колькі дзён адно насупраць аднаго, войска маскоўскае і аб'яднанае войска літоўскае нарэшце заключылі перамір'е, якое было падпісанае ўсімі прысутнымі князямі. Згодна з гэтым дакументам, Міхаіл Цвярскі вяртае занятыя гарады і абавязваецца больш не канфліктаваць з Масквой. Літва ж абяцае не заступацца за яго ў выпадку пачатку вайны.

Мяркуецца, што сваё абяцанне Альгерд стрымаў толькі часткова. Пасля спробы Міхаіла захапіць Таржок, Угліч Дзмітрый Іванавіч Маскоўскі паўторна аблажыў Цвер. Гісторыкі мяркуюць, што спусташэнне пасля гэтага Смаленскага княства было звязанае менавіта з помстай Альгерда за ўдзел мясцовага князя ў паходзе на Цвер.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках