У Польшчы абвінавацілі беларускія спецслужбы ў распаўсюджванні дэзінфармацыі
- 1.10.2024, 10:36
- 7,174
Ёсць довады.
У нядаўнім выпуску праграмы “Гутарка Пясецкага” віцэ-прэм'ер Польшчы, міністр лічбавізацыі, прадстаўнік урада ў пытаннях кібербяспекі Кшыштаф Гаўкоўскі заявіў, што значная частка дэзінфармацыі аб паводцы ў Польшчы была распаўсюджаная беларускімі і расейскімі спецслужбамі.
Адказваючы на пытанне вядоўцы аб тым, якая дзель дэзінфармацыі можа быць звязана з дзеяннямі беларускіх і расейскіх спецслужбаў, Гаўкоўскі ацаніў, што гэта складае амаль 70-80 адсоткаў. Паводле ягоных слоў, у польскага боку ёсць довады.
Гаўкоўскі адзначыў, што польскія ўлады назіраюць за групамі, якія займаюцца распаўсюджваннем дэзінфармацыі, на працягу працяглага часу. Гэтыя групы былі ўзмоцненыя пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Віцэ-прэм'ер адзначыў, што тыя ж суполкі, якія распаўсюджвалі дэзінфармацыю аб паводцы, таксама расказвалі, што ў Польшчы няма бензіну, што Украіна вінаватая ў вайне.
Гаўкоўскі таксама прызнаў, што былі затрыманыя і польскія зламыснікі, якія спрабавалі завабіць карыстальнікаў з мэтай крадзяжу персанальных звестак, распаўсюджваючы дэзінфармацыю аб паводцы. Ён заявіў, што былі выяўлены блізу 200 ашуканскіх збораў сродкаў для пацярпелых ад паводкі.