1 кастрычнiка 2024, aўторак, 14:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Столтэнбэрг падвёў вынікі 10 гадоў у ролі генеральнага сакратара NАТО

2
Столтэнбэрг падвёў вынікі 10 гадоў у ролі генеральнага сакратара NАТО
ЕНС СТОЛТЭНБЭРГ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Альянс зведаў значную трансфармацыю.

Генеральны сакратар NАТО Енс Столтэнбэрг, які 1 кастрычніка канчаткова перадае паўнамоцтвы Марку Рутэ, у развітальнай прамове падзякаваў прадстаўнікам краін-чальцоў за супрацоўніцтва і падвёў вынікі дзесяцігоддзя на пасадзе.

Як паведамляе «Еўрапейская праўда», пра гэта ён сказаў на пасяджэнні Паўночнаатлантычнай рады з нагоды перадачы паўнамоцтваў генеральнага сакратара.

Столтэнбэрг адзначыў, што за гэтыя 10 гадоў Альянс зведаў найбольшую трансфармацыю за апошнія дзесяцігоддзі.

«Мы ўзмацнілі нашу абарону - замест нуля ў нас цяпер восем баявых груп з дзясяткамі тысяч баяздольных вайскоўцаў NАТО на нашым усходнім флангу. Мы перайшлі ад тысяч да паўмільёна вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў рэжыме падвышанай гатоўнасці, і ад трох да 23 супольнікаў, якія выдаткоўваюць на абарону больш за 2% ВУП», - сказаў Столтэнбэрг.

Ён падкрэсліў, што Паўночнаатлантычны альянс узмацніўся таксама інстытуцыйна і ў яго ўступілі яшчэ чатыры краіны: Чарнагорыя і Паўночная Македонія, Фінляндыя і Швэцыя.

«А Украіна зараз бліжэй да NАТО, чым калі-небудзь раней. У 2014 годзе мы надавалі Украіне толькі некаторую нязначную падтрымку. Цяпер гэтая падтрымка - маштабная», - адзначыў Столтэнбэрг.

Таксама ён адзначыў беспрэцэдэнтны ўзровень супрацоўніцтва паміж NАТО і ЕЗ.

«Еўропа і Амерыка разам у моцным NАТО - гэта адзіны шлях наперад. Адзінства застаецца нашай самай вялікай сілай», – рэзюмаваў Енс Столтэнбэрг.

Пасля яго развітальнай прамовы Марк Рутэ, які да таго быў шматгадовым прэм'ерам Нідэрландаў, афіцыйна прыняў паўнамоцтвы генеральнага сакратара NАТО. Каб адзначыць момант перадачы паўнамоцтваў, Столтэнбэрг перадаў яму малаток, які ў 1963 годзе NАТО падарыла Ісландыя.

Нагадаем, Столтэнбэрг з'яўляецца прадстаўніком Нарвэгіі. Ён распачаў грамадска-палітычную кар'еру ў роднай краіне ў 1980-х гадах, з 1990-х гадоў займаў міністэрскія пасады і двойчы быў прэм'ер-міністрам Нарвэгіі.

Генеральным сакратаром NАТО Енса Столтэнбэрга абралі ў 2014 годзе. Тэрмін яго паўнамоцтваў павінен быў скончыцца раней за 2024 год, і Столтэнбэрг ужо не хацеў заставацца на пасадзе, аднак супольнікі доўга не маглі вызначыцца з кандыдатурай пераемніка.

СМІ паведамлялі, што Столтэнбэрг пасля адстаўкі стане кіраўніком Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках