расейцы назвалі рэальную рысу беднасці
8- 11.10.2024, 16:55
- 8,906
За ёй выявілася палова насельніцтва краіны.
Планка ўмоўнага мінімальнага даходу, якую расейскія ўлады ўжываюць для ацэнкі ўзроўню беднасці, крытычна адарваная ад рэальнасці, мяркуе пераважная большасць грамадзян РФ, піша The Moscow Times.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць бедных у краіне зніжаецца і знаходзіцца на гістарычным мінімуме: на канец другога квартала 2024 года іх было толькі 8,5% насельніцтва супраць 9% у 2022 годзе, 11% - у 2021-м і 13,5% - у 2019-м.
«Рысу беднасці» пры гэтым урад устанавіў на адзнацы 15 354 рублі на месяц: людзі, якія маюць прыбытак ніжэйшы, трапляюць у статыстыку, а вышэйшы - выключаюцца з яе.
На думку расейскіх грамадзян, рэальная «рыса» павінна быць устаноўленая на ўзроўні практычна ўтрая вышэйшым - 43 тысячы рублёў на месяц, паказала апытанне холдынгу Superjob. Прычым у буйных гарадах, прадказальна, каб не быць «бедным», трэба мець прыбытак яшчэ большы - напрыклад, 45 тысяч рублёў у Маскве.
Калі выкарыстоўваць названую расейцамі суму, то бедным выявіцца больш за палову насельніцтва краіны, сведчаць звесткі Расстата.
Так, на канец другога квартала даход, ніжэйшы за 45 тысяч рублёў за месяц, мелі 54,1% грамадзян. Больш за чвэрць - 28,7% - жылі на суму да 27 тысяч рублёў штомесяц, або прыкладна $9 на дзень. Кожны сёмы, або 15,7%, атрымліваў да 19 тысяч рублёў за месяц, гэта значыць, жыў на суму, меншую за $7 на дзень.
Радыкальнае зніжэнне беднасці было краевугольным каменем нацыянальных праектаў Пуціна, калі той заступаў на чацвёрты тэрмін у 2018 годзе. За 6 гадоў Пуцін абяцаў знізіць колькасць бедных у краіне ўдвая - да 6,6%.
Аднак нягледзячы на шматлікія перагляды методыкі падліку даходаў расейцаў і колькасці бедных, выканаць мэту Пуціна не ўдалося: на 2024 год узровень беднасці перавысіў мэтавы практычна ў 1,5 разы, а цягам 6-гадовага перыяду план Пуціна быў правалены кожны год. Так, у 2019 годзе Расстат зафіксаваў у краіне 12,3% бедных замест патрабаваных 12%, у 2020 годзе – 12,1% замест 11,1%, у 2021-м – 11,1% замест 10,2%, у 2022 -м - 9,8% замест 9,3%.
Перад пачаткам пятага тэрміна Пуцін зноў запатрабаваў знізіць беднасць, але паставіў ужо больш сціплую мэту - 7% да 2030 года. «Мы павінны зрабіць асаблівы акцэнт на зніжэнне беднасці перш за ўсё для шматдзетных сем'яў», — казаў Пуцін у лютым. Такіх да 2030 года, паводле яго плана, павінна было застацца 12%.