У Беларусь плануе зайсці скандальная расейская сетка грамадскага харчавання
22- 11.10.2024, 17:41
- 30,572
Яе назва выглядае як брыдкаслоўе.
Адна з самых скандальна вядомых расейскіх сетак грамадскага харчавання «Ёбідаёбі» збіраецца выйсці на беларускі рынак. На сайце для франчайзі дастаўкі сушы і ролаў Беларусь пазначаная як «прыярытэтны рэгіён развіцця». Акрамя таго, як высветліў Office Life, «Ёбідаёбі» запусціла рэкламную кампанію па пошуку партнёраў у нашай краіне.
«Ёбідаёбі» абяцае новым партнёрам адаптаваць сваю эканамічную мадэль для горада, дапамагчы з адкрыццём і выйсці на чысты даход ад $50 тысяч за год.
Умовы: кошт франшызы - ад $5 тысяч, раялці - 4% ад абароту. За гэта новым партнёрам прапануюць «магутны і скандальна вядомы брэнд», доступ да «велізарнай базы ведаў», маркетынгавае суправаджэнне, гатовы сайт для замовы онлайн, бухгалтарскае і юрыдычнае суправаджэнне і г.д.
Сетку ў 2016 годзе запусцілі прадпрымальнікі Дзмітрый Прадзед і Канстанцін Зімен з Краснаярска. Дастаўка перш за ўсё вядомая сваёй назвай і правакацыйным падыходам да маркетынгу, праз што часта трапляе ў медыйныя скандалы.
Так, напрыклад, у сярэдзіне 2023 года яна саступіла ў судзе Федэральнай падатковай службе Расеі. Ведамства хацела, каб «Ёбідаёбі» змяніла сваю фірменную назву, бо яно «мае сугучча са словамі ненарматыўнай лексікі, якія маюць непрыстойны змест, а таксама супярэчыць грамадскім інтарэсам і прынцыпам маралі».