Мбапэ страціў статус самага дарагога футбаліста планеты
- 11.10.2024, 20:17
- 2,476
Француза апярэдзілі бразілец Вінісіус і нарвежац Холанд.
Французскі форвард мадрыдскага «Рэала» Кіліян Мбапэ страціў статус самага дарагога футбаліста ў свеце з коштам на Transfermarkt, паведамляецца на сайце партала.
Transfermarkt 11 кастрычніка абнавіў кошт футбалістаў гішпанскай Ла Лігі. Мбапэ захаваў свой кошт €180 млн.
Самым дарагім футбалістам свету стаў форвард «Рэала» Вінісіус Жуніёр (€200 млн), які падаражэў на €20 млн. Бразілец дзеліць першы радок з нарвежскім форвардам «Манчэстэр Сіці» Эрлінгам Холандам (€200 млн), кошт якога быў абноўлены 1 кастрычніка.
Акрамя Вінісіуса і Мбапэ ў тройку самых дарагіх гульцоў чэмпіянату Гішпаніі ўвайшоў ангельскі паўабаронца Джуд Белінгем (€180 млн).
Самым падаражэлым гульцом у чэмпіянаце Гішпаніі стаў выхаванец «Барселоны» Ламін Ямаль: кошт гішпанскага форварда вырас на €30 млн, да €150 млн. Ён стаў пятым у спісе самых дарагіх гульцоў.
Мбапэ ў ліпені перайшоў у «Рэал» пасля заканчэння кантракта з «Пары Сэн-Жэрмэн», падпісаўшы пагадненне да 2029 года, і ўжо забіў сем галоў у 11 матчах.
Пасля дзевяці тураў «Рэал» з 21 балам займае другое месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Гішпаніі.