21 снежня 2024, Субота, 15:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Яго білі некалькі хвілін»

14
«Яго білі некалькі хвілін»

Відавочца распавёў, як сілавікі здзекаваліся з памерлага палітвязня з Віцебску.

8 кастрычніка стала вядома аб смерці Аляксея Тамілава з Віцебска. Год таму яго моцна збілі ў ІЧУ - здароўе Тамілава так і не аднавілася цалкам. Вось што расказвае сведка таго збівання.

Актывіст Ян Дзяржаўцаў пазнаёміўся з Аляксеем Тамілавым у камеры віцебскага ізалятара часовага ўтрымання, куды патрапіў у сакавіку 2023-га, піша «Наша Ніва».

Дзяржаўцаў апынуўся там паводле абвінавачання ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў». Тамілава абвінавацілі ў тым жа. Ён пазней расказваў сукамернікам, што яго затрымалі таксама за маленькі нацыянальны сцяжок, які знайшлі падчас ператрусу.

Са слоў Яна, падчас іх першай сустрэчы Аляксей быў у добрым ментальным стане. Ён размаўляў з іншым зняволеным - успаміналі, як гадоў 15 таму Аляксей, супрацоўнік СТА, рамантаваў таму чалавеку аўтамабіль. Тамілаў прыгадаў і сам аўтамабіль, і тое, што менавіта ён рабіў з аўто.

У той камеры Ян правёў з Аляксеем адзін дзень. Дзяржаўцаў расказвае пра тое, якія ўмовы былі ў віцебскім ІЧУ — здароўя гэта не дадае:

«На ложках не было ні матрацаў, ні коўдраў з падушкамі. На нарах была сетка з металічных прутоў таўшчынёй блізу 1 см, паміж імі быў прамежак прыкладна 15 см. Заснуць на ёй немагчыма, толькі прыкрыеш павекі на 15-20 хвілін - і ўсё, бо галава правальваецца паміж гэтымі прутамі.

Тройчы за ноч ахоўнікі нас паднімалі, рабілі так званую праверку. Святло гарэла ўсю ноч, ежа жахлівая, лекі не выдавалі».

Як тлумачыць суразмоўца, такое стаўленне было часткай загада зверху - ціснуць на палітычных зняволеных як мага мацней. Дзяржаўцаў мяркуе, што гэта збольшага абумовіла і тое, як далей супрацоўнікі ставіліся да Аляксея Тамілава.

Праз дзень Аляксея перавялі ў іншую камеру, а яшчэ праз два ў трэцюю - туды, дзе да гэтага пасля першай камеры апынуўся Ян.

Тое, як змяніўся Тамілаў, уражвала.

«Было бачна, што чалавек у вельмі нервовым стане, ён загаворваўся.

Спачатку ён моўчкі слухаў нашу размову, потым пачаў лаяцца, вельмі абурыў некалькіх чалавек, брыдка лаяўся. Увечары ён пачаў паводзіць сябе зусім дзіўна: пачаў стукаць у дзверы, казаў, што працоўны дзень скончыўся і трэба ісці дадому, патрабаваў, каб адчынілі дзверы. Гэта працягвалася з перапынкамі ўсю ноч.

Пакуль гэта адбывалася, некалькі разоў ахоўнік зазіраў у вочка на дзвярах. Крычаў на Аляксея - маўляў, спыніся, а то табе будзе дрэнна. А ён усё рваўся дадому, казаў, быццам дзверы прымерзлі. Уяўляў, што побач з ім стаіць яго напарнік, казаў, каб той узяў лом, адбіў лёд і тады адчыніў дзверы. Прайшло 20-30 хвілін, і ён зноў пытаўся, ці адбіў напарнік лёд, казаў, каб той узяў ліхтарык, калі не відаць».

Так прайшла ноч. Ян расказвае, што ў яго і ў іншых зняволеных той камеры склалася ўражанне — Тамілаў не разумеў, дзе ён знаходзіцца і што адбываецца вакол, ён быццам звар'яцеў. Зняволеныя таксама чулі, што паводзіны Аляксея моцна раззлавалі ахоўнікаў.

Самае горшае здарылася раніцай:

«Калі праходзіла праверка, ахоўнікі вывелі нас у калідор, а яму [Аляксею] сказалі застацца ў камеры. Мы выйшлі, пачалася праверка, а ў камеру, нібы апараныя, уварваліся некалькі ахоўнікаў з дубінкамі. Пачаліся крыкі - ахоўнікі крычалі на яго і білі. Судзячы па гуках, магчыма, тамака ў ход ішлі не толькі дубінкі, але таксама рукі і ногі. Гэта працягвалася некалькі хвілін.

Потым нас завялі ў камеру, і мы ўбачылі, што ён ляжыць на нарах і стогне. Мы спыталі, што ў яго баліць, толькі хвілін праз дзесяць ён паказаў рукой на абедзве свае нагі, на рэбры і галаву. Хацелі яго падняць, але ён вельмі моцна застагнаў. Сярод нас быў лекар, ён агледзеў яго і сказаў, што ў яго зламаныя рэбры і моцна пабітая галава, а таксама пашкоджанае калена, бо ён не мог сагнуць нагу. Лекар сказаў, што яго трэба везці ў шпіталь, яго нельга трымаць у камеры».

Зняволеныя той камеры пачалі стукаць у дзверы, каб прыцягнуць увагу ахоўнікаў да стану Тамілава. Прыкладна праз 15 хвілін трое ахоўнікаў вынеслі Аляксея з камеры, і вязні яго больш не бачылі.

Пасля гэтага Ян даведаўся, што Аляксей патрапіў у рэанімацыю са зламанымі рэбрамі, пераломам каленнага кубачка і пнеўматораксам - адно або некалькі зламаных рэбраў прабілі лёгкае.

Сілавікі пагражалі Тамілаву, што калі ён будзе скардзіцца на збіванне, супраць яго распачаць крымінальную справу.

Але пазней Дзяржаўцава і яго сябра, які таксама адбываў у той час тэрмін у віцебскім ІЧУ, выклікалі на размову аб збіцці Аляксея Тамілава. Ян мяркуе, што гэта магло быць часткай нейкага ўнутранага турэмнага расследавання, але пасля ён даведаўся, што дзеянні ахоўнікаў у выніку былі «прызнаныя» правільнымі. З гэтым мужчына катэгарычна не згодзен:

«Калі ў чалавека былі праблемы з галавой, яго трэба было лячыць.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках