Астраномы раяць беларусам паглядзець на начное неба
13- 12.10.2024, 11:41
- 8,842
Наступным разам такое можна будзе ўбачыць толькі праз 80 тысяч гадоў.
Яскравая камета Цзыцзіньшань – ATLAS у суботу, 12 кастрычніка, апынецца на мінімальнай ад Зямлі адлегласці 70 млн км. Наступным разам такое здарыцца толькі праз 80 тысяч гадоў.
За каметай, якую апошні раз на Зямлі бачылі неандэртальцы, жыхары Паўночнага паўшар'я, у тым ліку беларусы, змогуць назіраць у найбліжэйшыя два-тры тыдні.
Найлепшы дзень для назірання - 12 кастрычніка. У суботу камета пройдзе свой перыгей (найбліжэйшае да Зямлі месца калязямной арбіты нябеснага цела). Пасля гэтага яркасць нябеснага цела стане зніжацца, і разгледзець камету няўзброеным вокам будзе складаней.
Камету можна будзе ўбачыць без бінокля ці тэлескопа - яе бляск складзе блізу другой зорнай велічыні. Але для назірання лепш адправіцца за горад.
Яна будзе з'яўляцца над заходняй часткай гарызонту пасля заходу Сонца і знікаць прыкладна праз гадзіну.
Камета C/2023 A3 была адкрыта ў студзені 2023 года ў кітайскай абсерваторыі Цзыцзіньшань, праз паўтара месяца яе таксама выявіла сістэма ATLAS.