WSJ: Амерыканцы мяркуюць, што Трамп лепш справіцца з вайной ва Украіне, чым Гарыс
43- 12.10.2024, 14:50
- 6,370
Вынікі апытання.
Выбарцы аддаюць перавагу экс-прэзідэнту Дональду Трампу перад віцэ-прэзідэнтам Камалай Гарыс у пытанні аб тым, хто лепш урэгулюе вайну РФ супраць Украіны і канфлікт у сектары Газа, гаворыцца ў апытанні Wall Street Journal, праведзеным у сямі ключавых штатах.
У пытанні расейскай агрэсіі Трамп лідаруе з 50% супраць 39% у Гарыс, а ў пытанні аб вайне паміж Ізраілем і ХАМАС рэспубліканец мае перавагу 48% супраць 33% у кандыдата ад дэмакратаў.
Хоць гэтае апытанне пераклікаецца з іншымі апытаннямі, якія сведчаць аб тым, што замежная палітыка не з'яўляецца прыярытэтам для выбарцаў у лістападзе, наступны прэзідэнт «атрымае ў ападчыну» канфлікты, якія «не маюць дакладнага заканчэння» і ўдзел у якіх палярызаваў амерыканскі электарат. Паводле звестак WSJ, пытанне аб тым, хто з кандыдатаў мае правільнае спалучэнне досведу і лідарскіх якасцяў, было важным у гэтай гонцы.
З аднаго боку, рэспубліканцы ўсё больш выступаюць супраць вайсковай дапамогі Украіне, а дэмакраты падзяліліся ў меркаваннях наконт таго, ці павінны ЗША працягваць узбройваць Ізраіль на фоне крытыкі вялікіх ахвяр сярод цывільнага насельніцтва і гуманітарнага крызісу ў сектары Газа.
Лідарства Трампа ў абодвух канфліктах часткова падтрымліваюць і незалежныя эксперты, амаль палова з якіх мяркуюць, што ён лепш справіцца з вайной РФ супраць Украіны, у параўнанні з трэцяю частку тых, хто аддае перавагу ў гэтым пытанні Гарыс. Што да вайны паміж Ізраілем і ХАМАС, 43% аддалі перавагу Трампу, а 26% - Гарыс. Астатнія не выбралі ні таго, ні другога.
Пры адміністрацыі дзейнага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна краіна перадала Украіне вайсковай дапамогі на больш чым $100 млрд. Гарыс таксама неаднаразова пацвярджала сваю падтрымку і некалькі разоў сустракалася з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.