Расейскія знішчальнікі МіГ-31К у Беларусі: што вядома
4- 12.10.2024, 20:19
- 3,936
Такія самалёты могуць несці на сабе гіпергукавыя ракеты Х-47М2 "Кінжал".
Два знішчальнікі МіГ-31К Паветрана-касмічных сіл Расеі маглі пакінуць Беларусь 10 кастрычніка, паведамляе маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн».
«А 15:10 10 кастрычніка стала вядома аб узлёце з аэрадрома «Мачулішчы» двух МіГ-31К ВКС РФ, якія прыбылі ў Беларусь 9 і 10 кастрычніка. Пазней шэраг маніторынгавых каналаў паведаміў аб пасадцы МіГаў у Мачулішчах, мы ж у сваю чаргу гэта не пацвярджалі і не паведамлялі аб пасадцы знішчальнікаў», - гаворыцца ў паведамленні.
Пасля ўзлёту МіГ-31К не вярнуліся на аэрадром «Мачулішчы». Знішчальнікі ўзялі курс на поўдзень, праляцелі міма Баранавіч і затым на ўсход - у бок РФ. Такім чынам, на гэты момант найбольш імаверна тое, што МіГі пасля ўзлёту пакінулі тэрыторыю Беларусі і вярнуліся ў Расею, паведамляе праект.
Нагадаем, а 18.00 9 кастрычніка на аэрадром Мачулішчы пад Менскам прыляцеў першы знішчальнік МіГ-31К ВКС Расеі. 10 кастрычніка паведамлялася аб прылёце другога самалёта.
Такія самалёты могуць несці на сабе гіпергукавыя аэрабалістычныя ракеты Х-47М2 «Кінжал» і здольныя запускаць іх на адлегласць 2000 км, адзначае «Гаюн».
Да гэтага знішчальнікі тыпу МіГ-31К ВКС РФ з'яўляліся ў Беларусі 1,5 гады таму.