The Telegraph: На Украіну таемна працуюць сотні салдатаў РФ
8- 13.10.2024, 22:17
- 31,340
Вынікі перасягнулі чаканні.
Украінскія спецслужбы маюць вялікую сетку агентаў у расейскім войску, якія выконваюць шпіёнскія і дыверсійныя місіі. У складзе партызанскага руху «Атэш» больш за 2000 падпольшчыкаў, якія дзейнічаюць на акупаваных тэрыторыях і ў самой Расеі, пранікаючы глыбока ў структуру расейскіх узброеных сілаў РФ. Пра гэта піша The Telegraph.
Журналісты пагутарылі з прадстаўнікамі партызанскага руху «Атэш», заснаванага ў Крыме летам 2022 года, які ўжо значна пашырыў сваю дзейнасць. Рух цесна супрацоўнічае з украінскай выведкай і іншымі рухамі супраціву, пакладаючыся на веды мясцовых жыхароў і расейскіх салдатаў.
«Мы ўвесь час расцём. Амаль з самага пачатку да нас далучаюцца расейскія салдаты, якія дапамагаюць атрымліваць інфармацыю як на перадавой, так і ў тыле ў Крыме і Расеі. Але цяпер мы назіраем значнае павелічэнне колькасці расейскіх вайскоўцаў, якія папаўняюць нашы шэрагі. Яны з'яўляюцца асноўным інструментам падтрымкі нашай барацьбы, выканання важных дыверсійных і выведных задачаў», – расказаў прадстаўнік руху.
Паводле словаў прадстаўніка «Атэша», шмат хто з расейцаў змушаны да ўдзелу ў вайне супраць уласнай волі. Яны сталі каштоўнымі агентамі, паколькі даюць інфармацыю пра перамяшчэнне войскаў, пастаўку зброі, перамяшчэнне камандзіраў і месцазнаходжанне камандных пунктаў.
На расейскіх аэрадромах украінскія агенты дакладваюць пра тыпы, колькасць і стан самалётаў, сістэмы супрацьпаветранай абароны, расклад палётаў, а таксама пра запасы паліва і боепрыпасаў. Некаторыя з іх удзельнічаюць у рызыкоўных аперацыях і пашкоджваюць тэхніку і ладзяць падпалы, каб знішчыць запасы ворага і выкрыць свае пазіцыі.
Як адзначае The Telegraph, многія расейскія салдаты сталі ўдзельнікамі падпольнай барацьбы супраць пуцінскага рэжыму. Адзін з іх расказаў пра падпал бліндажу свайго падраздзялення на левабярэжжы Дняпра.
«Была паніка, густы дым ад агню і абстрэлы з украінскага боку. Пакуль яны спрабавалі патушыць пажар і захаваць запасы прадуктаў харчавання і зброі, агонь распаўсюдзіўся на вялікую плошчу. Многія салдаты атрымалі апёкі. Я добра ведаў гэтую тэрыторыю, паколькі я быў там цягам доўгага часу. Я мяркую, што выканаў сваю працу добра, магчыма, нават больш. Вынікі перасягнулі нашы чаканні», – адзначыў ён.
Іншы расейскі салдат, завербаваны «Атэшам», сочыць за перамяшчэннем самалётаў на «адным з самых баяздольных у Расеі» аэрадромаў і адсочвае пастаўкі ўзбраення. Ён усведамляе рызыкі, звязаныя з ягонай працай, у тым ліку і магчымасць абвінавачання ў дзяржаўнай здрадзе, але перакананы, што выступае на баку дабра.
«Тут я выступаю вачыма і вушамі Атэша... Але я разумею, што такое зло, а што дабро. На жаль, мая краіна выбрала шлях зла», – сказаў агент руху «Атэш».
У мінулым месяцы ён паведаміў пра перамяшчэнне знішчальнікаў-бамбавальнікаў Су-34 на новыя аэрадромы ўглыб Расеі, якія пазней сталі цэлямі для Украіны.
Прэс-сакратар «Атэша» адзначыў, што самым вялікім дасягненнем іх руху стала знішчэнне штаба Чарнаморскага флоту ў Севастопалі. У гэтым выпадку дапамог расейскі салдат, які падзяліўся інфармацыяй пра запланаваную сустрэчу камандавання флоту. Гэтыя звесткі дазволілі Украіне дакладна вызначыць час для свайго ўдару.