Forbes: Украінскія «вампіры» па начах пераследуюць і падрываюць танкі РФ
- 13.10.2024, 10:38
- 3,140
Аператары БПЛА дэманструюць найвышэйшы ўзровень майстэрства.
Украінскія беспілотнікі цяпер здольныя не толькі падбіваць нерухомую расейскую тэхніку, але і падрываць цэлі ў руху. Як піша аналітык Forbes Дэвід Акс, на мінулым тыдні ўкраінскі беспілотнік з гурта Nemesis уначы знішчыў расейскі танк-чарапаху падчас руху, прадэманстраваўшы «найвышэйшы ўзровень майстэрства».
Як нагадвае аналітык, у пачатку вайны большасць беспілотнікаў былі абсталяваныя камерамі толькі для дзённага асвятлення і былі неэфектыўныя ноччу. Аднак у канцы мінулага года ўкраінцы пачалі разгортваць так званыя беспілотнікі-«вампіры», абсталяваныя інфрачырвонымі камерамі. Скідаючы дзясяткі гранатаў, узрываючы прыпаркаваныя аўтамабілі і руйнуючы ўмацаванні, гэтыя беспілотнікі пасеялі хаос сярод расейскіх войскаў, якія звыкліся, што цемра абарона для іх.
«Многія з ранніх рэйдаў беспілотнікаў-вампіраў былі накіраваныя на стацыянарныя цэлі. Але з тым як украінскія аператары станавіліся ўсё больш дасведчанымі, яны пачалі атакаваць і цэлі ў руху», – піша Акс.
Пры гэтым аналітык адзначае, што ў адрозненне ад FPV-беспілотнікаў з бартавым штучным інтэлектам, які дапамагае накіроўваць іх на чалавекападобныя цэлі ў апошнія імгненні палёту, дроны-вампіры бамбуюць цэль зверху, так што ШІ для навядзення на цэль тут менш карысны. Таму, калі дрон-вампір пераследуе цэль у руху, майстэрства аператара па-ранейшаму выконвае важную ролю.
Як падсумоўвае Акс, хоць хутчэй за ўсё многія начныя ўдары беспілотнікамі па рухомых цэлях заканчваюцца няўдачай, «тое, што хоць адзін з начных рэйдаў паспяховы, уражвае».