Найноўшы расейскі дрон аглушылі РЭБам і дабілі ўдарам Су-57
3- 13.10.2024, 13:46
- 19,712
Новыя дэталі знішчэння «Паляўнічага».
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці знішчэння ў раёне Канстанцінаўкі Данецкай вобласці найноўшага дрона расейцаў С-70 «Паляўнічы».
Акупанты, хутчэй за ўсё, страцілі кантроль над сваім беспілотнікам, магчыма праз глушэнне ўкраінскімі сістэмамі радыёэлектроннай барацьбы, піша BBC.
Як адзначаюць распрацоўнікі, выявіць падобны дрон цяжка і яму амаль няма аналагаў у свеце.
«На кадрах са знішчэннем аб'екта выразна відаць дзве белыя лініі – другая, відавочна, сыходзіць ад расейскага самалёта Су-57, які пераследаваў “уцекача”», – сказана ў матэрыяле.
Аналітыкі перакананыя, што збой у працы беспілотніка-няўгледкі вялікі ўдар для расейскіх вайскоўцаў. Мяркуецца, што ўсяго расейцы вырабілі чатыры прататыпы С-70 «Паляўнічы» – магчыма, што збіты ў небе над Украінай быў самым дасканалым з іх. І Украіна яшчэ можа атрымаць нямала каштоўнай інфармацыі з аскепкаў дрона.
Цяпер з'явілася магчымасць даведацца, ці ёсць у яго ўласныя радары для пошуку цэляў, ці загадзя запраграмаваныя боепрыпасы з каардынатамі, куды трэба патрапіць, гавораць эксперты.
Інцыдэнт паказвае, што «расейцы не стаяць на месцы», пакладаючыся на свае вялізныя чалавечыя рэсурсы і звычайныя ўзбраенні. Яны працуюць над новымі і разумнейшымі спосабамі вядзення вайны.