Навукоўцы назвалі галоўныя ўмовы, пры якіх чалавек можа пражыць больш за 100 гадоў
16- 13.10.2024, 11:29
- 8,730
Ёсць і невідавочныя спосабы.
Каб стаць доўгажыхаром, трэба выконваць некаторыя правілы здаровага ладу жыцця, бо магчымасць пражыць больш за сто гадоў закладзеная ў чалавечай генетыцы.
Эксперты ў даўгалецці пераконваюць, што ўмацаваць здароўе і павялічыць даўжыню жыцця дапамагае не толькі адмова ад тытуню і алкаголю і правільнае харчаванне. Ёсць яшчэ некалькі невідавочных звычак, якія таксама выконваюць важную ролю для даўгалецця, піша ТСН.
Якія правілы трэба выконваць, каб доўга жыць: парады навукоўцаў
Супрацоўнікі Амерыканскай кардыялагічнай асацыяцыі заявілі, што існуе некалькі простых правілаў здаровага жыцця. Навукоўцы даследавалі ўсе рэкамендацыі, якія даюць лекары, псіхолагі, спартовыя трэнеры і іншыя эксперты людзям, ахвотнікам захаваць здароўе ў сталым узросце і падоўжыць жыццё. У выніку сфармавалі спіс простых правілаў, якія трэба прытрымлівацца, каб пражыць больш за 100 гадоў. Гэта такія:
адмова ад палення;
фізічная актыўнасць;
здаровая вага;
правільнае харчаванне;
стабільны ўзровень цукру ў крыві;
кантроль халестэрыну;
нармальны крывяны ціск; прафілактыка гіпертаніі.
Эксперты патлумачылі: калі ў чалавека супадае хоць бы пяць пунктаў з гэтага спісу, рызыка смерці ад сардэчна-сасудзістых і іншых захворванняў становіцца ніжэйшай на 78%.
Якія невідавочныя спосабы падоўжыць жыццё да 100 гадоў
Захаванне рэжыму сну. Калі парушаюцца рытмы сну, чалавек увесь час знаходзіцца ў стрэсавым стане, таму варта класціся спаць і прачынацца прыкладна ў адзін і той час. Калі няма магчымасці высыпацца цягам тыдня, неабходна кампенсаваць недасыпанне дзённым сном у выходныя дні.
Умацаванне сувязі з іншымі людзьмі.
Прыязныя стасункі з іншымі людзьмі з'яўляюцца вельмі важным чыннікам для даўгалецця. Калі чалавек мае сяброў, сваякоў і знаёмых, з якімі яму добра бавіць час, узровень аксітацыну ў ягоным арганізме становіцца вышэйшы. А гэты гармон чыніць прамы ўплыў на эмацыйны стан і належную працу нервовай сістэмы. Сацыяльная ізаляцыя вельмі шкодная, асабліва для пажылых людзей, адсутнасць зносінаў выклікае стрэс, бессань і павелічэнне вагі.
Наяўнасць мэты ў жыцці. Навукоўцы правялі даследаванне, якое паказала, што людзі, якія займаюцца любой мэтанакіраванай дзейнасцю або валанцёрствам, жывуць значна даўжэй. Навукоўцы рэкамендуюць знайсці тую натхняльную дзейнасць, якая прыносіла б станоўчыя эмоцыі і дапамагала развівацца.