Мянчук падвёз забытыя дакументы выпадковага знаёмага яму дадому
9- 14.10.2024, 9:41
- 14,370
Спачатку атрымаў узнагароду, потым - праблемы.
Жыхар Менска прывёз дадому выпадковаму знаёмаму пакет з дакументамі, якія той забыўся на прыпынку. Але папярэдне забраў адтуль два падарункавыя сертыфікаты і атаварыў, расказалі “Мінск-Навінам” у пракуратуры. Цяпер мужчына пад “крыміналкай".
У той дзень 59-гадовы мянчук накіроўваўся ў паліклініку. На прыпынку грамадскага транспарту "Трактарны завод" ён разгаварыўся з нецвярозым паджылым мужчынам, які дастаў з пакета бутэльку гарэлкі і прапанаваў яму выпіць.
Праз некаторы час пад'ехаў аўтобус, і пенсіянер, развітаўшыся, зайшоў у яго. Пры гэтым ён забыўся на лаўцы свой пакет, які і забраў новы знаёмы. Унутры ляжалі пашпарты і працоўныя кніжкі мужчыны і ягонай жонкі, а таксама два падарункавыя сертыфікаты на суму 50 рублёў кожны, якія можна было атаварыць у кулінарыі завода, — менавіта гэта мянчук і зрабіў.
Дакументы ж ён пасля адвёз пенсіянерам дадому, схлусіўшы, што ніякіх сертыфікатаў у пакеце не было. У якасці падзякі тыя далі яму 50 рублёў.
Паколькі кожны з выкрадзеных сертыфікатаў меў свой нумар, устанавіць асобу непрыстойнага гараджаніна было проста. Яго ідэнтыфікавалі праз запісы камеры відэаназірання, у аб'ектыў якой ён патрапіў падчас атаварвання сертыфікатаў.
Мужчыну абвінавацілі ў крадзяжы (ч. 1 арт. 205 КК). Згодна з высноай экспэрта, ён мае патрэбу ў прымусовым лячэнні ад хранічнага алкагалізму. Цяпер абвінавачаны пад падпіскай аб нявыездзе.