Беларуска расказала, як выглядаюць школьныя абеды ў Польшчы
9- 14.10.2024, 10:36
- 13,890
Параўнайце з беларускімі.
Чытачка сайта Charter97.org, якая жыве ў Польшчы, распавяла пра харчаванне ў школьных сталовых у гэтай краіне:
Я даўно заўважыла, што дачка пасля школы не хоча дома абедаць. Маўляў, яна паабедала ў школе. Сёння я падрабязна распытала яе, што ж яны ядуць у школе, ці не халодныя школьныя стравы.
Дачка неяк з недаверам пасміхнулася і сказала: “Мама, як яны могуць быць халодныя, гэта ж прыгатаваныя стравы!” Я запярэчыла, што калі доўга пастаіць на стале, то і ачахне.
Але на сталах нічога, акрамя сурвэтак, не стаіць. Кожны клас па чарзе падыходзіць да пункту выдачы і бярэ гарачую страву. Сапраўды гарачую! Тут вялікая разнастайнасць каш з курынымі ды рыбнымі нагетсамі, рознымі мяснымі поліўкамі ды мяснымі бургерамі, аладак, варэнікаў.
За асобным сталом стаіць вялікі рондаль з салатай, якую кожны бярэ столькі, колькі можа ці хоча з’есці. Тут жа стаіць і рондаль з супам. Кожнае дзіця налівае яго самое, калі яму гэты суп смачны. Мая дачка не есць памідоравы суп. Я і не намагаю. Бо сама яго ніколі не гатую. Але заўсёды налівае сабе боршч, суп-пюрэ з брокалі, суп з макаронай, капусту. Налівай і еж, колькі хочацца!
Салаты падаюць з таматаў, агуркоў, з перцу, буракоў, морквы. Стэфка не есць буракі, ну то і няхай. Сёння салаты не было, але ўсім выдалі па вялікім балгарскім перцы.
Садавіну даюць 3 разы на тыдзень. У верасні гэта былі персікі, нектарыны, грушы, слівы, яблыкі, кавалачкі кавуна. Зімой пераважаюць бананы, апельсіны, мандарыны, яблыкі. Кожны таксама падыходзіць і бярэ сабе. У тыя дні, калі садавіны ці гародніны няма, даюць пладовае пюрэ або печыва. На маё пытанне, ці можа нехта ўзяць два, а некаму не выстарчыць, дачка адказала, што зазвычай бывае наадварот! Палякі не дужа ахвотна ядуць садавіну ды гародніну.
На дні перад святамі могуць выдаць і па 100-грамовай шакаладцы, пачак мешанкі з арэхаў або яблычных чыпсаў, часам у перадсвяточныя дні гатуюць бургеры і хот-догі.
Таму калі Стэфка прыходзіць дадому не галодная, я не прымушаю яе сядаць есці. Колькі каштуе полудзень у нашай школе, спытаеце вы. Мне падаецца, няшмат. 5 злотых за дзень, або калі пералічыць на беларускія грошы — дзесьці 3,70 рубля. Для настаўнікаў абеды каштуюць 7,50 злотых, але і гэта, мне падаецца, прымальная цана.
Магчыма, цэны і якасць абедаў у розных школах адрозніваюцца, але мы сваім харчаваннем вельмі задаволеныя.