Кітай акружыў Тайвань
11- 14.10.2024, 11:30
- 6,208
Пекін праводзіць вучэнні для блакады выспы.
Народна-вызваленчае войска Кітая (НВАК) пачало вучэнні вакол Тайваня, падчас якіх Пекін адпрацуе блакаду выспы, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Усходняй зоны баявога камандавання кітайскага войска Лі Сі.
Паводле ягоных слоў, вучэнні "Сумесны меч - 2024В" "засяроджаны на пытаннях патрулявання марской і паветранай боегатоўнасці, блакады ключавых партоў і раёнаў, нанясення ўдараў па марскіх і наземных цэлях" у Тайвані.
"Вучэнні служаць суровым папярэджаннем сепаратысцкім сілам, якія імкнуцца да "незалежнасці Тайваня", і з'яўляюцца справядлівым і неабходным крокам для абароны нацыянальнага суверэнітэту і захавання дзяржаўнага адзінства", - падкрэсліў Лі Сі.
У манеўрах возьмуць удзел вайсковы марскі флот, вайсковыя паветраныя сілы, ракетныя войскі і іншыя вайсковыя сілы Кітая. Са звестак выдання Guancha, вучэнні праходзяць вакол усёй тэрыторыі Тайваня: у Тайваньскай затоцы на захадзе ад выспы, у яго ўсходняй, паўднёвай і паўночнай частках.
Адміністрацыя Тайваня заявіла, што вайсковыя манеўры Кітая з'яўляюцца “абуральнай правакацыяй”. Крыніца Reuters на выспе пацвердзіла, што Пекін падчас вучэнняў адпрацоўвае блакаду тайваньскіх партоў на поўначы і поўдні, міжнародных марскіх шляхоў, а таксама адбіццё прыбыцця замежных сіл.
Тайвань і мацерыковы Кітай падзяліліся ў 1949 годзе падчас грамадзянскай вайны. Кітайскі ўрад прытрымліваецца прынцыпу "аднаго Кітая" і выступае супраць незалежнасці Тайваня, разглядаючы выспу, як свааю тэрыторыю. Аднак Тайвань катэгарычна зняпраўджвае мадэль "адна краіна – дзве сістэмы", якую з 1980-х прасоўвае Пекін.
Тайвань падтрымліваюць ЗША: у Вашынгтоне прызнаюць суверэнітэт Кітая над выспай, але лічаць статус Тайваня неўрэгуляваным. ЗША пастаўляюць выспе зброю і вайсковае абсталявання. Абараніць Тайвань у выпадку нападу Кітая неаднаразова абяцаў амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн.