15 кастрычнiка 2024, aўторак, 21:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэсць краінаў Заходніх Балканаў прынялі план дзеянняў для стварэння агульнага рынку

4
Шэсць краінаў Заходніх Балканаў прынялі план дзеянняў для стварэння агульнага рынку

Падрабязнасці.

Прэм'ер-міністры шасці краінаў Заходніх Балканаў на саміце Берлінскага працэсу ў панядзелак, 14 кастрычніка, падпісалі новы План дзеянняў для стварэння адзінага рэгіянальнага рынку, які з'яўляецца часткай плану росту Еўрапейскага Звязу для Заходніх Балканаў.

Пра гэта паведамляе балканская служба «Радыё Свабода».

Новы План дзеянняў для Адзінага рэгіянальнага рынку, які быў падпісаны ў Берліне 14 кастрычніка, грунтуецца на выніках папярэдняга Плану дзеянняў на 2021–2024 гады, прынятага на саміце Берлінскага працэсу 2020 года ў Сафіі.

Сярод яго вынікаў было зніжэнне коштаў на паслугі роўмінгу на Заходніх Балканах, дэкларацыя аб роўмінгу паміж ЕЗ і Заходнімі Балканамі, адкрыццё «зялёных калідораў» падчас пандэміі каранавірусу, а таксама шэраг пагадненняў для палягчэння перамяшчэння грамадзянаў, студэнтаў і экспертаў у рэгіёне.

Гаспадар сёлетняга саміту, канцлер Нямеччыны Олаф Шольц заявіў, што новы План дзеянняў сярод іншага прадугледжвае больш цеснае супрацоўніцтва ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй.

Акрамя таго, шэсць заходнебалканскіх дзяржаваў падпісалі пагадненне пра доступ да вышэйшай адукацыі, мэтай якога з'яўляецца павышэнне мабільнасці студэнтаў і забеспячэнне іх права на навучанне ў акрэдытаваных установах вышэйшай адукацыі рэгіёну.

Прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен у сваю чаргу заявіла, што краіны Заходніх Балканаў павінны атрымаць першыя грошы ў рамках Плану росту да канца 2024 года.

«Пяць з шасці праграмаў рэформаў будуць прынятыя на гэтым тыдні, а гэта азначае, што выплата шасці мільярдаў еўраў з Плану росту можа пачацца да канца года», – сказала яна, маючы на ўвазе ўсе краіны, акрамя Босніі і Герцагавіны.

Гаворка ідзе пра Механізм рэформаў і росту (Reform and Growth Facility) памерам 6 мільярдаў еўраў, ухвалены Радай ЕЗ у траўні. Механізм закліканы падтрымаць рэформы і эканамічны рост краінаў Заходніх Балканаў, якія імкнуцца да сяброўства ў ЕЗ.

Нагадаем, Берлінскі працэс – гэта міжурадавая ініцыятыва, заснаваная ў 2014 годзе і накіраваная на збліжэнне краінаў Заходніх Балканаў і ЕЗ і дапамогу ім у пабудове ўзаемных стасункаў на аснове еўрапейскіх каштоўнасцяў.

Яна служыць платформай для супрацоўніцтва на высокім узроўні паміж афіцыйнымі асобамі Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Чарнагорыі, Косава, Паўночнай Македоніі і Сербіі, а ў цэнтры ўвагі – стварэнне агульнага рэгіянальнага рынку, на якім жыве блізу 18 мільёнаў чалавек.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках