30 снежня 2024, панядзелак, 19:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: Два чалавекі ўпершыню камунікавалі ўва сне

3
Навукоўцы: Два чалавекі ўпершыню камунікавалі ўва сне

Гэта адбылося з дапамогай спецыяльнага абсталявання.

Даследнікі з каліфарнійскага стартапу REMspace паведамілі пра першае камунікаванне паміж людзьмі, што адбылося ўва сне. У эксперыменце два чалавекі выкарыстоўвалі спецыяльнае абсталяванне, увайшлі ў фазу ўсвядомленых сноў і абмяняліся простым паведамленнем. Відэа эксперыменту апублікаванае на канале кампаніі ў YouTube, піша «Хайтек».

У прэс-рэлізе і відэароліку адзначаецца, што ўдзельнікі выкарыстоўвалі «спецыяльна распрацаванае абсталяванне», якое складаецца з «сэрвера, апарата, Wi-Fi і датчыкаў». Кампанія паведамляе, што «апарат» адсочваў мазгавыя хвалі і іншыя полісомнаграфічныя звесткі заснулых, аднак дэталі тэхналогіі не раскрываюцца.

Падчас эксперыменту ўдзельнікі спалі ў сябе дома. Калі сэрвер выявіў, што адзін з іх увайшоў у стан усвядомленага сну, ён генераваў выпадковае слова, якое агучвалі заснуламу праз навушнікі. Удзельнік паўтараў слова ўва сне, а ягоны адказ запісалі і захавалі на сэрверы.

Другі заснулы ўвайшоў у фазу ўсвядомленых сноў праз некалькі хвілінаў. Сэрвер прайграў захаваны запіс, удзельнік запомніў яго і змог паўтарыць пасля абуджэння. Прадстаўнікі REMspace называюць сувязь першым «чатам ува сне» і сцвярджаюць, што эксперымент атрымалася паўтарыць на дзвюх парах чалавек.

Усвядомленыя сны – гэта зменены стан свядомасці, пры якім чалавек усведамляе, што ён спіць і можа кіраваць снамі. У REMspace мяркуюць, што тэхналогія можа здзейсніць пераварот, аналагічны штучнаму інтэлекту, і стварыць праграмы для розных задачаў – ад развязання фізіялагічных праблемаў да навучання новым навыкам.

«Учора зносіны ў сне здаваліся навуковай фантастыкай. Заўтра гэта стане настолькі звычайнай справай, што мы не зможам уявіць сваё жыццё без гэтай тэхналогіі. Гэта адчыняе дзверы для незлічоных камерцыйных праграмаў, змяняючы нашы ўяўленні пра камунікацыю і ўзаемадзеянне ў свеце сноў», – заявіў заснавальнік і генеральны дырэктар REMspace Майкл Радуга.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках