У Расеі мігрантаў з Азіі, якія патрапілі ў калоніі, прымушаюць ехаць на вайну супраць Украіны
- 15.10.2024, 9:47
- 2,582
Усплылі падрабязнасці.
Расея працягвае вербаваць на вайну супраць Украіны зняволеных у расейскіх турмах і калоніях. Пры гэтым на фронт забіраюць не толькі грамадзян РФ, але і выхадцаў з краін Цэнтральнай Азіі ды іншых замежнікаў.
Зняволеных масава прымушаюць падпісваць кантракт і ехаць на вайну з Украінай. Пры гэтым надзвычай ціснуць супрацоўнікі калоній на маладых людзей, у якіх неўзабаве заканчваецца тэрмін. Пра гэта паведамляе выданне "Настоящее время".
Ураджэнец Таджыкістана, які адбывае тэрмін у расейскай турме, расказаў, што яго прысудзілі да 7 гадоў пазбаўлення волі, з гэтага тэрміну засталося адбываць усяго толькі 7 месяцаў. Паводле ягоных слоў, зняволеныя з Таджыкістана і Узбекістана, якія адбываюць з ім пакаранне ў калоніі строгага рэжыму недалёка ад Масквы, знаходзяцца ў крытычнай сітуацыі. Кіраўніцтва калоніі стварае для іх невыносныя ўмовы, каб схіліць да падпісання кантракта і адпраўкі на фронт.
Мужчына зазначыў, што асуджаных іншаземцаў прымушаюць адмовіцца ад грамадзянства іх краіны і падаць на грамадзянства Расеі адначасова з укладаннем кантракта на службу ў войску. У выпадку адмовы, зняволеных змяшчаюць у штрафны ізалятар.
“Людзі не ведаюць, што рабіць. Кажуць, звядзём рахункі з жыццём, але не адмовімся ад грамадзянства і не паедзем на вайну. Яны думаюць, што лепш пайсці на суіцыд, чым адвярнуцца ад радзімы і ісці ваяваць”, - сказаў мігрант.
Група зняволеных мігрантаў з калоніі строгага рэжыму недалёка ад Масквы, сцвярджаюць, што ў папраўчай установе ўтрымліваюцца прыкладна 400 зняволеных з грамадзянствам Узбекістана і Таджыкістана. Адміністрацыя турмы абыходзіцца з імі груба, абражае іх паводле рэлігійнай прыкметы. Таксама яны заклікаюць астатніх зэкаў з грамадзянствам Расеі збіваць зняволеных-мігрантаў.
Іншаземцы таксама расказалі, што турэмную форму, якую выдае калонія, наглядчыкі адбіраюць у зняволеных і спальваюць, каб зрабіць знаходжанне людзей у турме невыносным. Пры гэтым у турмах распаўсюджваюцца чуткі, што тыя, хто пайшлі на вайну, гінуць на другі і трэці дзень.
“Яны кажуць, што каго хочуць, таго і пашлюць на вайну. Прапануюць ісці туды са сваёй ініцыятывы: у гэтым выпадку, гавораць, трапіце ў лепшыя месцы. А калі адправяць прымусова, то накіруюць наўпрост на перадавую, дзе ніякіх шанцаў выжыць няма”, - пішуць мігранты.