У Беларусі змянілі тэрмін уручэння позвы на вайсковыя зборы
4- 15.10.2024, 10:40
- 16,932
Яшчэ адна навіна тычыцца тых, хто знаходзіцца за мяжой.
У Беларусі змянілі палажэнне аб парадку праходжання вайсковых і спецыяльных збораў, а таксама палажэнне аб парадку афармлення пастаяннага пражывання за межамі краіны.
Адпаведная пастанова ўрада апублікаваная 15 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дакумент мяняе дзве лічбы і два тлумачэнні.
Цяпер вайсковаабавязаных, якія прызываюцца на ваенныя і спецыяльныя зборы, трэба апавясціць не пазней чым за сем дзён да іх пачатку. Раней гэты тэрмін складаў дзесяць дзён.
«Вайсковаабавязаным, адабраным для праходжання збораў, не пазней чым за сем дзён да іх пачатку ўручаюцца позвы з указаннем тэрмінаў прыходу ў вайсковы камісарыят, УКДБ вобласці», - так зараз павінна выглядаць частка п. 17 змененай пастановы.
Таксама зменены пункт аб тым, за чый кошт аплачваецца "перавозка вайсковаабавязаных, закліканых на вайсковыя і спецыяльныя зборы", — з дакумента прыбралі тлумачэнні аб Мінабароны і КДБ.
У дакуменце аб парадку афармлення пастаяннага пражывання за межамі Беларусі зменены ўзрост, з якога «ажыццяўляецца праверка наяўнасці або адсутнасці абавязкаў». Калі раней згода вайсковага камісарыята патрабавалася для хлопцаў, якім «спаўняецца 16 гадоў у каляндарным годзе меркаванай даты вынясення пастаноў замежнай установы аб афармленні пастаяннага пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь», то цяпер гэты ўзрост узнялі да 17 гадоў.