Набылі моц новыя правілы па ўвозе тавараў у Беларусь
11- 15.10.2024, 19:38
- 23,594
Што нельга ўвозіць з-за мяжы?
15 кастрычніка набыла моц пастанова ўрада ад 28 жніўня, якая ўносіць дапаўненні ў пералікі тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі.
У Мытным камітэце нагадалі, чым менавіта пашыраны спіс «забароненых тавараў, якія паходзяць з недружалюбных краін».
З сённяшняга дня нельга ўвозіць у краіну:
поліэтылен высокага ціску,
шынную прадукцыю,
пліты OSB,
фанеру,
вырабы сталярныя і цяслярскія,
паперу і вырабы санітарна-гігіенічныя,
паперу і кардон, у тым ліку гафрыраваныя,
рыззё,
шкловалакно, у тым ліку шклавату.
Таксама папоўніўся пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі рэспублікі, якія паходзяць з Польшчы, Чэхіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Адтуль зараз нельга ўвозіць:
сумкі і валізкі,
шпалеры,
плітку керамічную,
санітарна-тэхнічныя вырабы,
лядоўні, маразільнікі і іншае халадзільнае ці маразільнае абсталяванне,
пральныя машыны,
падгузнікі і пялёнкі.
Нагадаем, у спіс дзяржаў, якія «здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні» Беларусі, уключаныя краіны ЕЗ, Канада, Вялікая Брытанія, ЗША і шэраг іншых дзяржаў.
Варта адзначыць, што забарона не распаўсюджваецца на тавары, якія перавозяцца для асабістага карыстання.
Гэта захад у адказ на пашырэнне з 1 ліпеня 2024 года санкцый Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі.