У Віцебску з заапарка ўцякла канадская ваўчыца
5- 15.10.2024, 20:39
- 5,352
Яе змаглі адлавіць толькі праз чатыры дні.
З віцебскага заапарка 11 кастрычніка ўцяклі два маладыя канадскія ваўкі. Пра гэта расказала на сваёй старонцы ў Facebook віцебская валанцёрка і журналістка Жанна Жалевіч. Увагу на пост звярнуў тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».
Для злову звяроў задзейнічалі адмыслоўцаў спецаўтабазы. У дзень уцёкаў жывёлаў адзін з лаўцоў дастаў ваўчаня двума ўсыпальнымі стрэламі.
А вось юная драпежніца хавалася чатыры дні. Мінулай ноччу ваўчыца трапіла ў адну з трох расстаўленых на беразе Дзвіны пастак і вярнулася ў клетку.
Нагадаем, ваўчаняты нарадзіліся ў заапарку Віцебска летам 2023 года. Іх маці пасялілася ў вальеры яшчэ ў 2011 годзе: яе прывезлі з расейскага перасоўнага заапарка. Пазней у Віцебску з'явіўся і самец канадскага ваўка.