Францыя на трэць скарачае дапамогу Украіне
11- 15.10.2024, 21:16
- 7,858
Праз дэфіцыт бюджэту.
Францыя амаль на траціну скароціць ваенную дапамогу Украіне сёлета, вынікае з заявы французскага міністра абароны Себасцьяна Лекарню. Прычынай такой пастановы з`яўляецца дэфіцыт бюджэту. «У пачатку 2024 года была прынятая палітычная пастанова, што гэтая дапамога можа дасягнуць 3 млрд еўраў. Аднак у рэальнасці яна складзе больш за 2 млрд еўраў, але не дасягне 3 млрд», – прыводзіць словы Лекарню выданне Politico.
Першапачатковая дамоўленасць пра вылучэнне да 3 млрд еўраў на дапамогу Украіне ў 2024 годзе была замацаваная ў двухбаковым пагадненні ў бяспецы паміж Кіевам і Парыжам, падпісаным у лютым прэзідэнтамі Уладзімірам Зяленскім і Эмануэлем Макронам. Аднак, як адзначае Politico, праз прагназаваны дэфіцыт бюджэту Францыі, які можа дасягнуць 6% ВУП, выдаткі на падтрымку Украіны давялося скараціць.
Лекарню ўдакладніў, што блізу 300 млн еўраў Парыж вылучыць Кіеву за кошт замарожаных расейскіх актываў. Гэтыя сродкі пойдуць на набыццё 155-мм артылерыйскіх снарадаў, самаходных артылерыйскіх установак Caesar і паліва. Яшчэ ад 400 да 600 млн еўраў плануецца атрымаць дзякуючы зніжэнню інфляцыі. Гэтыя сродкі будуць накіраваныя на мадэрнізацыю ракетаў SCALP і Aster, якія таксама перададуць Украіне.
Пры гэтым, як чакаецца, у 2025 годзе абаронны бюджэт Францыі дасягне 50,5 млрд еўраў, стаўшы адным з нямногіх артыкулаў бюджэту, якія павялічацца.
Францыя прадаўжае актыўную ваенную падтрымку Украіне з пачатку поўнамаштабнай вайны. У 2022 годзе Парыж даў Кіеву дапамогу на 1, 7 млрд еўраў, а ў 2023 годзе – 2,1 млрд еўраў. Сярод іншага, Францыя пастаўляе УСУ дальнабойныя ракеты SCALP, аднак пытанне іх выкарыстання для ўдараў углыб тэрыторыі Расеі пакуль застаецца нявызначаным.
8 кастрычніка Себасцьян Лекарню заявіў, што Францыя плануе перадаць Украіне знішчальнікі Mirage 2000, якія будуць даабсталяваныя сучасным абсталяваннем. Чакаецца, што мадэрнізаваныя самалёты будуць гатовыя да адпраўкі ў першай палове 2025 года.