«Для Польшчы гэта варыянт нумар адзін наконт Беларусі»
15- 16.10.2024, 18:10
- 30,206
І Лукашэнка гэта разумее.
Віцэ-спікер польскага Сэната Міхал Каміньскі заклікае не забывацца на Беларусь. Пра гэта польскі палітык расказаў у інтэрв'ю «Обычному утру»
- Лукашэнка дакладна разумее, што Польшча - адна з тых краін, якая практычна пастаянна дае магчымасці для беларускай апазіцыі, і з самага пачатку яго прэзідэнцтва была месцам, куды ўцякалі апаненты Лукашэнкі.
Для Польшчы зразумела, што перамога дэмакратыі ў Беларусі - гэта варыянт нумар адзін, і гэта варыянт, якога ніхто не баіцца.
Ведама ж, не толькі палякі, але і многія беларусы абмяркоўваюць варыянт, у якім Лукашэнка страчвае ўладу на карысць чалавека Крамля. Але гэта адзін з варыянтаў, які мы разглядаем як магчымасць - не тую, на якую мы маем уплыў, а тую, якую трэба прадугледжваць, будучы адказным палітыкам.
Тое, чаго ў Польшчы не стае, - гэта разумення маштабу беларускай дыктатуры. Як і не стае разумення, што значыць быць сёння апазіцыянерам у Беларусі.
Некаторыя думаюць, што гэта як у Польшчы ў 80-ыя. Але гэта, вядома, непараўнальна са становішчам у цяперашняй Беларусі, дзе саджаюць за падабайку.
Жывучы на Захадзе складана падумаць, што за тваю асабістую актыўнасць у сацсетках нехта можа цябе асудзіць. Але сёння гэта адбываецца (у Беларусі - заўв.).
Маладыя людзі замест таго, каб працягваць вучобу ці пачынаць новае жыццё, сядзяць у турме ці хаваюцца за мяжой. І над тым, каб палякі разумелі маштаб таго, што адбываецца, трэба працаваць і на ўзроўні палітыкаў, і на ўзроўні звычайных грамадзян.
Мая справа - гэта ваша справа. Я займаюся барацьбой за свабоду Беларусі, за свабоду нашага рэгіёна, нашых суседзяў і ў тым ліку свабоду вельмі блізкага майму сэрцу беларускага народа, які лічыцца ў мяне самым прыярытэтным у плане падтрымкі.
Сёння шмат хто забываецца пра Беларусь. Трэба нагадваць, што ёсць бліскучая нацыя і краіна, якая сёння знаходзіцца пад страшнай дыктатурай.