21 снежня 2024, Субота, 21:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідар апазіцыі ФРГ заклікаў Шольца пераадолець страх перад Пуціным

11
Лідар апазіцыі ФРГ заклікаў Шольца пераадолець страх перад Пуціным
ФРЫДРЫХ МЕРЦ

Кандыдат у канцлеры заявіў, што Нямеччына павінна паказаць дыктатару РФ межы дазволенага.

Кандыдат у канцлеры ФРГ ад апазіцыйнага блока ХДЗ/ХСС Фрыдрых Мерц абвінаваціў дзейнага кіраўніка ўраду Нямеччыны Олафа Шольца ў тым, што сваёй няўпэўненай пазіцыяй той спрыяе таму, што дыктатар Расеі Уладзімір Пуцін прадаўжае вайну ва Украіне. Заява старшыні Хрысціянска-дэмакратычнага звязу ў сераду, 16 кастрычніка, стала адказам на выступ Шольца перад дэпутатамі бундэстага, паведамляе DW.

«У сувязі з вашай пазіцыяй вы таксама несяце асабістую адказнасць за тое, што <...> Украіна вымушаная змагацца з Пуціным, скаваная ў сваіх дзеяннях», – цытуе словы Мерца агенцтва dpa. «Так больш прадаўжацца не можа», – дадаў ён.

Мерц: Неабходна паказаць Пуціну межы дазволенага

У Пуціна «не можа не скласціся ўражанне, што пагрозы ўжыць тактычную ядзерную зброю робяць значны ўплыў на Захад, у тым ліку – і на вас», сказаў Мерц, звяртаючыся да Шольца. «Пан канцлер, надышоў час для вас, а таксама для нас пераадолець страх перад Пуціным, каб разам пакласці канец зверствам ва Украіне», – падкрэсліў лідар апазіцыі.

Паводле ягоных словаў, да гэтага часу не атрымлівалася паказаць Пуціну межы дазволенага, і сітуацыя для Украіны становіцца ўсё складанейшай з кожным тыднем. Мерц заклікаў кіраўніка ўраду ФРГ паслаць Пуціну сігнал на саміце ЕЗ у Брусэлі 17 кастрычніка і сказаць, «што мы больш не прымаем, што ён бамбіць цывільную інфраструктуру, лякарні, дзіцячыя сады – усю цывільную інфраструктуру без разбору – у гэтай краіне».

Калі Пуцін прадоўжыць атакі, у Еўропе павінна быць прынятая супольная пастанова пра скасаванне абмежаванняў для ўдараў глыбока па тэрыторыі РФ, запатрабаваў Мерц у бундэстагу. Калі прэзідэнт РФ не пойдзе на саступкі і не адмовіцца ад удараў па мірных жыхарах ва Украіне, яму павінны даць зразумець, што ФРГ паставіць Кіеву крылатыя ракеты «паветра – зямля» вялікай далёкасці TAURUS.

Лідар апазіцыі неаднаразова крытыкаваў «павольныя і няўпэўненыя» дзеянні ўраду

Мерц неаднаразова крытыкаваў «павольныя і няўпэўненыя» дзеянні нямецкага ўраду ў пастаўках Кіеву боепрыпасаў і перадавых сістэмаў узбраення. Сярод іншага, ён раней ужо заклікаў Нямеччыну паставіць Кіеву ракеты TAURUS, супраць чаго выступае Шольц. «Крылатыя ракеты TAURUS дазволілі б Украіне сур'ёзна парушыць лініі забеспячэння расейскага войска», – адзначаў лідар апазіцыі.

Улетку Мерц выказаўся за тое, каб Нямеччына ўзмацніла ваенную падтрымку Кіева, сярод іншага, праз пастаўку знішчальнікаў. «Мяркую, што мы павінны дапамагчы Украіне, прынамсі, аднавіць суверэнітэт над уласнай паветранай прасторай, паколькі гэтыя ракетныя напады на інфраструктуру, на аб'екты электра- і водазабеспячэння, на лякарні і дамы састарэлых не могуць быць узятыя пад кантроль толькі з зямлі», – сказаў Мерц у інтэрв'ю ў эфіры праграмы «Frag selbst» на тэлеканале ARD.

Шольц – пра перамовы з Пуціным

Шольц 16 кастрычніка ў бундэстагу заявіў пра гатоўнасць да прамых перамоваў з Пуціным, каб пакласці канец вайне ва Украіне. Пры гэтым, паводле ягоных словаў, неабходна выконваць шэраг умоваў. Па-першае, «ніколі не павінна быць ніякіх пастановаў праз галаву Украіны». Па-другое, усе пастановы павінны прымацца «ў адпаведнасці з нашымі найбліжэйшымі партнёрамі», указаў Шольц.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках