17 кастрычнiка 2024, Чацвер, 16:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Набліжаны да Лукашэнкі прадпрымальнік зарабляе на прадукцыі сусветных брэндаў

2
СМІ: Набліжаны да Лукашэнкі прадпрымальнік зарабляе на прадукцыі сусветных брэндаў

Прадае ў Беларусі і пастаўляе ў РФ.

Набліжаны да сям'і Лукашэнкі прадпрымальнік Аляксандр Зайцаў заняўся новым бізнэсам. Як высветліла "Бюро", адна са звязаных з ім кампаній прадае брэндавае адзенне з Еўропы, піша "Зеркало".

Аляксандр Зайцаў нарадзіўся ў 1976 годзе ў Ружанах. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Потым працаваў у камерцыйных і дзяржаўных установах, у інстытуце пры Мінэканомікі. Быў памочнікам прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага і Віктара Лукашэнкі, працаваў у Дзяржсакратарыяце Савета бяспекі.

Аляксандр Зайцаў знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і ЕЗ за сувязі з рэжымам Лукашэнкі.

У рэйтынгу "Ежедневника" ў топ-200 паспяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі — 2019 заняў 10-е месца.

У Менску на скрыжаванні вуліц Карла Маркса і Камсамольскай размясціўся буцік брэндавага адзення з Еўропы — "Аўтлет парк". Яшчэ адзін гандлёвы пункт размясціўся на праспекце Пераможцаў, недалёка ад элітнага мікрараёна Дразды. «Аўтлет парк» - гэта аўтлет (фармат крамы, які спецыялізуецца на продажы адзення вядомых брэндаў са значнымі зніжкамі. - Заўвага. рэд.) еўрапейскага фармату са зніжкамі, якія могуць даходзіць да 70%, на арыгінальныя вырабы ад вядучых сусветных брэндаў.

"Аўтлет парк" належыць беларускай кампаніі "Трэндхол", яе дырэктар - Яна Леванеўская. Гэтая фірма існуе з 2015 года. Раней яна называлася “Каліта Спец”, а потым – “Касмічнае агенцтва Белкосмас”. У верасні 2023 года фірма атрымала сваё актуальнае найменне.

Яне Ліванеўскай 34 гады, але за яе плячыма самавіты паслужны спіс. Раней яна працавала ў лагістычных кампаніях "Газ Венчуры" і "Транспетролбалтык", якія звязваюць з Аляксандрам Зайцавым і яго партнёрам з "Брэміна груп", тытунёвым магнатам Аляксеем Алексіным. У 2020 годзе Леванеўская стала памочніцай кіраўніка ў кампаніі "Белказтранс". Гэта актыў яшчэ аднаго набліжанага да беларускіх уладаў бізнэсоўца Мікалая Вараб'я - трэцяга скўладальніка "Брэміна груп".

Але чаму следчыя звязваюць Яну Леванеўскую і беларускія аўтлеты менавіта з Аляксандрам Зайцавым? Як адзначае “Бюро”, на гэта ўказваюць звесткі з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі. 1 лістапада 2023 года ўладальнікам “Трэндхола” стала падкантрольная Аляксандру Зайцаву лагістычная кампанія “Рузэкспедыцыя”.

Нагадаем, у жніўні гэтага года Мінфін ЗША ўключыў "Рузэкспедыцыю" ў новы пакет санкцый у тым ліку як актыў Аляксандра Зайцава.

Як высветліла "Бюро", праз "Трэндхол" таксама ідуць пастаўкі брэндавага адзення ў Расею.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках