26 кастрычнiка 2024, Субота, 3:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэтыя грошы так і не знайшліся»

7
«Гэтыя грошы так і не знайшліся»

Пасля ператрусаў у беларусаў знікаюць рэчы - грошы, парфума і нават дыскі для гульнявой прыстаўкі.

"Медыязона" сабрала гісторыі беларусаў, у якіх пасля ператрусаў дома знікалі розныя рэчы: грошы, упрыгожванні, алкаголь і дыскі для Playstation. Імёны некаторых герояў зменены.

Грошы

Падчас вобшуку ў кватэры Івана сілавікі канфіскавалі тэхніку і грошы. Пасля частка сродкаў пайшла на судовыя выплаты. Калі родным Івана аддавалі пакінутыя грошы, яны недалічыліся блізу 2000 даляраў.

«На якім этапе грошы зніклі, я не магу сказаць, я быў у калоніі, - распавядаў Іван. - Сума сур'ёзная. Але калі ты знаходзішся там, ты баішся за родных. А калі я вызваліўся, не хацеў прыцягваць увагу. Ну, хлопцы, на вашым сумленні няхай будзе. Чорт яго ведае. Пайду ў міліцыю качаць правы?.. Не дай бог, ізноў крымінальная справа. Ну, забралі дык забралі. Вам, мусіць, патрэбней было».

У сакавіку 2024 года актывіст і хрысціянскі прапаведнік Сяргей Мельянец прыйшоў у суд над журналістам Ігарам Карнеем. Яго затрымалі, а пры аглядзе заплечніка склалі вопіс, у які сярод іншага запісалі пяць рублёў. Са слоў Мельянца, насамрэч пры ім было 300 рублёў - 295 рублёў «зніклі».

У 2020 годзе грошы зніклі і ў берасцейца Дзмітрыя Панько.

«Падчас ператрусу забралі амаль 500 рублёў. Гэта была каса, якую я мусіў адвезці на працу. Спыталі ў мяне: „Табе што, за мітынгі заплацілі?“ Я пачаў тлумачыць, што гэта за грошы. Яны мне адразу ў адказ: „Заткніся, на **й“. Адзін з супрацоўнікаў забраў грошы і паклаў іх сабе ў барсетку”, - успамінаў Панько.

У пастарунку ён спытаў у міліцыянта, ці вернуць яму грошы. Той у адказ спытаў: "Якія грошы?" Панько дзеля ўласнай бяспекі больш пытанняў не задаваў. Яго прысудзілі да трох гадоў калоніі паводле справы аб масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК). Ён поўнасцю адбыў прызначаны тэрмін і з'ехаў з Беларусі.

Пенсіянера Аляксея затрымалі ўлетку 2022 года на данос суседа, які раней працаваў у міліцыі. На лецішча прыехалі супрацоўнікі АМАП і ГУБАЗіК. Там у гаражы Аляксей захоўваў грошы на "чорны дзень" ды іншыя каштоўнасці. Ён сцвярджае, што супрацоўнік, які аглядаў сейф, паказаў сведкам толькі стары крыжык і пярсцёнак, але не 20 000 даляраў, якія таксама там ляжалі.

«Гэта значыць згодна з вопісам іх як быццам і не было. Пасля гэтыя грошы так і не знайшліся», - сцвярджае пенсіянер.

Мужчыну прысудзілі да "хатняй хіміі", ён з'ехаў з Беларусі.

Парфума, упрыгожванні і дыскі для Playstation

Палітвязень Кастусь Карней пасля вызвалення даведаўся, што з яго кватэры зніклі некалькі дыскаў з гульнямі для кансолі PlayStation, бацькаў гадзіннік, а ў яго дзяўчыны парфума — напалову выкарыстаны флакон Сhanel № 5. Карнея прысудзілі да паўтара года «хатняй хіміі» паводле артыкуле пра грубае паруўэнне парадку (арт. 342 КК), і ён пакінуў Беларусь.

Пра знікненне каштоўнасцяў падчас ператрусу расказваў у судзе і анархіст Мікалай Дзядок, прысуджаны ў 2021 годзе да пяці гадоў калоніі. У вопісе канфіскаваных рэчаў ён не знайшоў некаторых прадметаў.

«Мяркую, што камеру, штатыў, гадзіннік і тысячу рублёў скралі супрацоўнікі ГУБАЗіКу, скарыстаўшыся тым, што я большую частку часу нічога не бачыў, бо ляжаў тварам у падлогу. Па-другое, быў дэзарыентаваны і не мог уважліва чытаць спіс канфіскаванага», - казаў Дзядок.

Пра знікненне рэчаў расказвала і спявачка Мерыем Герасіменка. Ператрус у яе кватэры прайшоў, калі яна ўжо была ў СІЗА. Пасля вызвалення яна знайшла ў кватэры толькі пустыя каробкі ад залатых завушніц і кулонаў, духаў і элітнага алкаголю.

Калі грошы забіраюць без пратакола, то потым цяжка будзе даказаць, што забралі і не аддалі

Праваабаронца Леанід Судаленка раіць кантраляваць усё, што робяць сілавікі падчас ператрусу, патрабаваць копію пратаколу, вычытваць вопіс перад тым, як ставіць подпіс і ўносіць свае пярэчанні, калі гэта неабходна.

Калі праваабаронцу затрымлівалі паводле крымінальнай справы, у яго пры сабе было 800 рублёў, якія былі ўнесены ў вопіс. Пасля вызвалення з калоніі ён атрымаў гэтыя грошы назад.

«Звяртацца трэба да тых, хто забраў [грошы]. Яны ж даюць адпаведную паперу. Яны і накіравалі [мяне] ў фінаддзел гарвыканкаму, куды перадалі на захаванне грошы», - распавядае ён.

Да гісторый, калі міліцыянты забіралі грошы, Судаленка ставіцца з падазрэннем.

«Грошы не могуць знікнуць. Забралі адзін рубель - ён запісаны ў пратаколе. Калі забіраюць без пратакола, то потым цяжка будзе даказаць, што забралі і не аддалі».

У выпадку, калі да знікнення рэчаў маюць дачыненне супрацоўнікі сілавых ведамстваў, іх дзеянні могуць быць кваліфікаваны як крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі або перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках