18 кастрычнiка 2024, Пятніца, 21:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Азіяцкія краіны ўпершыню ўдзельнічалі ў сустрэчы NATO

3
Азіяцкія краіны ўпершыню ўдзельнічалі ў сустрэчы NATO

На фоне росту агрэсіўнасці Расеі, Кітая і КНДР.

Супрацоўніцтва чатырох дыктатур, якія хочуць перавярнуць сусветны парадак і якія тым ці іншым спосабам удзельнічаюць у вайне супраць Украіны, прымушае дэмакратычныя краіны Азіі ўмацоўваць стасункі з хаўруснікамі на другім баку зямнога шара.

Высокапастаўленыя чыноўнікі Японіі, Паўднёвай Карэі, Аўстраліі і Новай Зеландыі ў чацвер упершыню ўдзельнічалі ў сустрэчы міністраў абароны краін NATO ў Брусэлі, паведамляе a target="_blank" href=https://www.politico.eu/article/crink-new-axis-of-evil-nato-china-russia-iran-north-korea/>Politico. Дагэтуль іх прадстаўнікі толькі прысутнічалі ў якасці гасцей на трох апошніх гадавых самітах лідараў краін альянсу.

Генеральны сакратар арганізацыі Марк Рутэ назваў «надзвычай пазітыўным» тое, што «гэтыя чатыры краіны ўсё больш і больш актыўна ўдзельнічаюць у працы NATO, бо пагрозы бяспецы ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, вядома ж, звязаныя з тым, што адбываецца тут, і нельга проста падзяліць свет».

Чатыры краіны, якія некаторыя назіральнікі ўжо аб'ядноўваюць у новую «вось зла» CRINK (Кітай, Расея, Іран, Паўночная Карэя), так ці інакш удзельнічаюць у развязанай Расеяй вайне ва Украіне:

Іран больш за два гады пастаўляе ёй беспілотнікі і ў апошні час - ракеты;

КНДР адправіла некалькі мільёнаў артылерыйскіх набояў, у апошні час дадала ракеты, а зараз яшчэ - і жывую сілу (паводле інфармацыі Паўднёвай Карэі, 12 тысяч салдат, а паводле заявы Уладзіміра Зяленскага - 10 тысяч);

Кітай і Ганконг сталі цэнтрамі перавалкі забароненых да паставак у Расею заходніх электронных кампанентаў, да таго ж Кітай, як сцвярджаюць ЗША, сам забяспечвае яе некаторымі станкамі і тэхналогіямі, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці ўзбраенняў; у чацвер Вашынгтон упершыню ўвёў санкцыі супраць кітайскіх кампаній за пастаўку дронаў для пуцінскага войска.

Акрамя таго, усе гэтыя краіны вядуць усё больш агрэсіўную палітыку ў сваіх рэгіёнах. Прычым Расея дзейнічае на два франты, працягваючы атакаваць Украіну на захадзе і падтрымліваючы КНДР вайсковымі тэхналогіямі на ўсходзе; Масква і Пхеньян таксама дамовіліся аб наданні адзін аднаму вайсковай дапамогі. У сваю чаргу, Паўночная Карэя ўсё больш актыўна рэалізуе ракетную і ядзерную праграмы, адмовілася ад мэты мірнага аб'яднання з Паўднёвай Карэі і днямі ўзарвала прыгранічныя дарогі. Іран пры пасярэдніцтве падтрымоўваных ім узброеных груповак, такіх як ХАМАС у сектары Газа, «Хезбала» ў Лібане, хусіты ў Емене, распальвае канфлікты на Блізкім Усходзе. Кітай жа нарошчвае ядзерны арсенал, узмацняе кантроль над часткамі Паўднёва-Кітайскага мора, пагражае суседнім краінам, такім як Філіпіны, і імкнецца падпарадкаваць Тайвань. У панядзелак падчас маштабных вучэнняў кітайскае войска адпрацоўвала блакаду вострава.

«Мы, вядома, падзяляем турботу з нагоды нарошчвання Кітаем магутнага вайсковага патэнцыялу», – сказаў Рутэ. ЗША, Нідэрланды і Вялікая Брытанія ўваходзяць у лік тых чальцоў NATO, што выступаюць за ўмацаванне сувязяў з тымі краінамі рэгіёна, якія спрабуюць супрацьстаяць кітайскай палітыцы. У канцы кастрычніка Нідэрланды ўзначаляць паездку вядучых дыпламатаў NATO ў Аўстралію і Новую Зеландыю; нядаўна ЗША арганізавалі аналагічны візіт у Паўднёвую Карэю і Японію.

Апошнюю, у сваю чаргу, нядаўна ўзначаліў былы міністр абароны Сігеру Ісіба, які мае намер умацоўваць абараназдольнасць краіны на фоне росту пагроз з боку Расеі, Кітая і Паўночнай Карэі.

Не ўсе краіны NATO гатовыя пашыраць сувязі ў азіяцкім рэгіёне. Францыя ўзначаліла праціўнікаў адкрыцця новага офіса ў Токіё, якія намагаюць на тым, каб альянс засяродзіўся на ўмацаванні пазіцый у сваім родным рэгіёне - Паўночнай Атлантыцы. Цэнтральнаеўрапейскія краіны асабліва актыўна папярэджваюць аб пагрозе ваеннага канфлікту ў Еўропе праз рост агрэсіўных апетытаў Пуціна.

Хаця азіяцкія краіны не ўваходзяць у фармальныя структуры NATO, яны развіваюць вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Яно ўжо знаходзіцца на высокім узроўні, і «я заўсёды шукаю новыя магчымасці», сказаў Politico міністр абароннай прамысловасці Аўстраліі Пэт Канрой, спасылаючыся на нядаўнія дамоўленасці з Нарвегіяй у вытворчасці ракет, з Нямеччынай - аб пастаўцы 100 бронемашын і з Францыяй - па супольнай вытворчасці боепрыпасаў для Украіны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках