СМІ: Расейская СПА падпаліла Бранск
19- 19.10.2024, 8:04
- 31,986
У горадзе шалее пажар.
У Бранскай вобласці РФ паскардзіліся на атаку ўкраінскіх дронаў у ноч на 19 кастрычніка. Сярод іншага, гучныя выбухі чулі жыхары Бранска, яны таксама пісалі ў сацсетках пра «выбліск», які назіралі, паведамляе «Обозреватель».
У СМІ з'явілася інфармацыя пра пажар на адным з заводаў у Бранску, які мог быць вынікам працы расейскай СПА.
Цягам «выбухной ночы» жыхары Бранска выкладвалі ў сетку фота з зарывам і дымам, якія з'явіліся пасля магутных выбухаў.
Супакоіць напалоханых зарывам і выбухамі расейцаў паспрабаваў губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз.
«Паважаныя землякі! Нашы абаронцы адбіваюць спробу атакі з выкарыстаннем БПЛА па тэрыторыі Бранскай вобласці. Падраздзяленні СПА Міністэрства абароны РФ вядуць працу ў выяўленні і знішчэнні паветраных цэляў. Просьба выконваць неабходныя захады бяспекі!» – напісаў ён у 04:46.
Крыху пазней Багамаз паспрабаваў растлумачыць пажар, які ўспыхнуў падчас нападу. Паводле ягонай версіі, уся рэч у «падзенні абломкаў на гарышча нежылога будынка».
А ў сацсетках і СМІ тым часам з'явілася іншая версія здарэння. Сцвярджаецца, што «ў Бранску СПА адпрацавала па заводзе».