У Беларусі змянілі патрабаванні да прызначэння дапамогі ў беспрацоўі
1- 19.10.2024, 10:25
- 1,898
Уведзеныя новыя крытэры.
У Беларусі 11 кастрычніка 2024 г. прыняты закон №36-З «Аб змене законаў у пытаннях занятасці насельніцтва», якім уносяцца змены ў 10 законаў.
Таксама прадугледжваецца выкладанне закона ад 15 чэрвеня 2006 г. №125-З «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» у новай рэдакцыі.
Сярод іншага, унесеныя змяненні, якія датычацца парадку прызначэння, выплаты дапамогі ў беспрацоўі, а таксама катэгорый грамадзянаў, якім прапануецца назначаць дапамогу ў беспрацоўі.
Прадугледжваецца, што выплата дапамогі ў беспрацоўі ажыццяўляецца беспрацоўным цягам 13 каляндарных тыдняў з даты іх рэгістрацыі.
Пры гэтым беспрацоўным, якія жывуць на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы, а таксама беспрацоўным за 5 гадоў да дасягнення імі агульнавызначанага пенсійнага ўзросту дапамога ў беспрацоўі будзе выплачвацца цягам 26 каляндарных тыдняў.
Памер дапамогі ў беспрацоўі будзе вызначацца ў фіксаваным памеры, які ўстанаўліваецца Саветам міністраў праз узгадненне з прэзідэнтам.
Асноўнымі ўмовамі прызначэння грамадзянам дапамогі ў беспрацоўі вызначаюцца:
рэгістрацыя ў органе працы, занятасці і сацыяльнай абароны цягам аднаго месяца з даты звальнення, заканчэння тэрміну дзеяння або скасавання грамадзянска-прававой дамовы, спынення адукацыйных стасункаў (адлічэння) у сувязі з атрыманнем адукацыі;
знаходжанне не менш як пяць гадоў да рэгістрацыі беспрацоўнымі ў працоўных стасунках;
звальненне з апошняга месца працы (з ваеннай службы, службы ў ваенізаванай арганізацыі, з тэрміновай ваеннай службы, альтэрнатыўнай службы) з падставаў, вызначаных законам аб занятасці;
а таксама ў выпадку, калі беспрацоўныя з'яўляюцца выпускнікамі ўстановаў адукацыі, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю.
Незалежна ад устаноўленых вышэй умоваў, дапамога ў беспрацоўі таксама прызначаецца беспрацоўным з ліку грамадзянаў:
якія зарэгістраваліся ў органе працы, занятасці і сацыяльнай абароны цягам аднаго месяца з даты спынення догляду дзіцяці (ва ўзросце да трох гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, дзіцяці ва ўзросце да 18 гадоў, інфекаванага вірусам імунадэфіцыту чалавека), інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту;
ва ўзросце да 21 года, якія ўпершыню шукаюць працу.
Таксама адзначаецца, што за беспрацоўным,
накіраваным органам працы, занятасці і сацыяльнай абароны на навучанне, захоўваецца права на дапамогу ў беспрацоўі.