Як і на што ў Беларусі растуць кошты
2- 19.10.2024, 11:01
- 4,954
Забароны ўладаў не дапамаглі.
Спажывецкія кошты ў Беларусі ў верасні 2024 года павялічыліся ў гадавым выразе на 6 адсоткаў, гэта значыць менш, чым у жніўні, калі яны ўзняліся на 6,1 адсотка. У параўнанні са жніўнем тавары і паслугі падаражэлі на 0,4%.
Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта РБ, больш за ўсё за год выраслі ў кошце харчовыя тавары: на 7,5%. У параўнанні са жніўнем кошты іх падняліся на 0,5%.
За апошні месяц найбольш заўважным было павелічэнне коштаў садавіны і арэхаў: на 3,69%. Гэта, верагодна, звязана з ростам курсу даляра, што прывяло да павышэння кошту імпартнай садавіны, якая ў асноўным увозіцца ў Беларусь з-за мяжы. За год кошты яе выраслі на 10,83%.
Яшчэ больш у параўнанні з вераснем 2023 года вырасла ў кошце гародніна: на 19,69%. І гэта нягледзячы на сезоннае зніжэнне коштаў яе ў параўнанні са жніўнем на 2,93%. Гародніна – прадукт харчавання, чый кошт падняўся за год у найбольшай ступені.
Відаць, гэта звязана з яе экспартам у Расею. Не дапамагае нават увядзенне ліцэнзавання вывазу капусты, цыбулі і яблыкаў на экспарт, а таксама фармаванне стабілізацыйных фондаў агародніны і садавіны памерам 121,1 тыс. тонаў, піша select.by.
У верасні істотна выраслі кошты масла і тлушчоў: на 1,13% у параўнанні са жніўнем. Але за год гэтыя тавары падаражэлі даволі сціпла: на 5,92%.
Кошты цукру, кандытарскіх тавараў і дэсертаў павялічыліся на 0,89 адсотка за месяц і на 7,64 адсотка за год. Рост здаецца даволі невялікім на фоне значнага ўздыму коштаў шакаладных цукерак, звязанага з павелічэннем кошту какавы на сусветным рынку.
Нехарчовыя тавары падаражэлі за верасень, як і харчаванне – на 0,5% у параўнанні са жніўнем, а ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года – на 4,2%. Сярод іх вылучыўся абутак, кошты якога за месяц падняліся на 2,82%. Гэта сезонны ўздым, а за год абутак падаражэў усяго на 2,33%.
Рэкардсменам у ступені павелічэння коштаў у гадавым выразе з'яўляюцца ювелірныя вырабы і гадзіннікі. Кошты іх выраслі ў параўнанні са жніўнем на 1,99%, а за год – на 14,44%. Такі ўздым можна назваць вельмі сціплым на фоне значна росту коштаў каштоўных металаў на сусветным рынку.
Прадаўжаюць таннець легкавыя аўтамабілі. Іх сярэдні кошт апусціўся за месяц на 0,44%, а за год – на 2,13%. Знізіліся ў параўнанні з вераснем 2023 года і кошты ровараў: на 0,23%. Праўда, у параўнанні са жніўнем сёлета гэты від транспарту падняўся ў кошце на 0,58%, хоць цяпер не сезон для яго.
Кошты паслуг у верасні выраслі ўсяго на 0,3% у месячным выразе, а ў гадавым яны падняліся на 5,6%. Як ні дзіўна, у параўнанні са жніўнем значна павялічыліся кошты турыстычных паслуг: на 5,2%. І гэта нягледзячы на заканчэнне турыстычнага сезону. Праўда, чамусьці павялічыўся і кошт арганізацыі комплекснага адпачынку: на 3,43%. За год такі адпачынак стаў каштаваць даражэй на 13,3%.
Больш чакана паводзілі сябе кошты гатэльных паслуг, якія павялічыліся ў параўнанні са жніўнем усяго на 0,22%. Але за год яны падняліся на 12,56%, адлюстроўваючы павелічэнне плыні турыстаў у РБ. Гэта спрыяла і росту коштаў і ў рэстаранах і кавярнях: на 10,3% за год і на 0,18% за месяц.
Сярод паслуг лідары ў тэмпах пад'ёму коштаў за год паслугі кінатэатраў, тэатраў, канцэртных пляцовак, а таксама паслугі, якія прапануюцца аб'ектамі культуры: на 16,15 адсотка і 16,35 адсотка адпаведна. За месяц яны падаражэлі на 3,46% і 2,29%, што можа быць звязана з пачаткам навучальнага года, гэта значыць з вяртаннем у гарады школьнікаў і студэнтаў.
За першыя дзевяць месяцаў года кошты ў Беларусі выраслі на 6,0%. За гэты ж час курс даляра падняўся толькі на 0,0388 BYN (1,22%).
Уклады ў беларускіх рублях за гэты ж перыяд часу прынеслі б прыблізна 9–10% прыбытку і падолелі б і даляр, і інфляцыю.
У кастрычніку курс даляра рэзка пайшоў угару, але ўзровень інфляцыі ён яшчэ не пераадолеў, а фундушы ў беларускіх рублях пакуль апярэджваюць яго ў прыбытковасці.