У Беларусі наспявае раскол элітаў?
18- 19.10.2024, 14:34
- 19,576
Рыжанкоў супраць Крутога.
Лукашэнка можа пачаць транзіт улады, перакананы гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. Прынамсі ўсе неабходныя падрыхтоўкі для гэтага зробленыя, піша эксперт на сайце «Позірк».
Сярод фаварытаў на прэзідэнцкую пасаду Аляксандр Фрыдман вылучае цяперашняга міністра замежных справаў, а ў мінулым – памочніка Лукашэнкі Максіма Рыжанкова і кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрыя Крутога. Прычым шанцы апошняга эксперт называе больш пераважнымі.
Пра Максіма Рыжанкова
Сацыялізацыя Рыжанкова прайшла ў Беларусі. Сваю кар'еру ён рабіў на дыпламатычнай службе, у Міністэрстве замежных справаў і ў адміністрацыі Лукашэнкі.
Асноўным кірункам ягонай дзейнасці была і застаецца знешняя палітыка, а на пасадзе міністра замежных справаў Рыжанкоў сёння адказвае за нармалізацыю стасункаў з «калектыўным Захадам». Досвед ягоных папярэднікаў Уладзіміра Макея і Сяргея Алейніка, якія ўзначальвалі ўстанову пасля 2020 года, нельга назваць пазітыўным, а шанцы Рыжанкова на прарыў малыя.
Пры гэтым ён карыстаецца прыхільнасцю Лукашэнкі. Той ставіцца да Рыжанкова паважліва, у нейкай ступені нават па-бацькоўску, але адсутнасць поспехаў на цяперашняй пасадзе можа паставіць крыж на ягоных кар'ерных амбіцыях. Не на карысць Рыжанкова гаворыць і той факт, што ён нарадзіўся ў сталіцы (негатыўнае стаўленне Лукашэнкі да Менска вядомае) і мае польскія карані.
Яшчэ адным хутчэй негатыўным чыннікам з'яўляецца і ўзрост Рыжанкова, які амаль на дзесяць гадоў старэйшы за іншага кандыдата – Крутога.
Пра Дзмітрыя Крутога
З заяваў і намёкаў Лукашэнку можна скласці, што на пасадзе прэзідэнта ён хацеў бы бачыць маладога, напорыстага, жорсткага і адначасова лаяльнага кіраўніка – свайго роду Лукашэнку 2.0 з 1994 года, але з досведам і ведамі. З усіх топ-чыноўнікаў гэтаму вобразу найболей адпавядае 42-гадовы Круты.
Як і Лукашэнка, ён родам з Магілёўскай вобласці (Бялынічы). У 1994 годзе Крутому споўнілася 13 гадоў, і сфармаваўся ён менавіта ў эпоху Лукашэнкі. Круты – адзін з самых паспяховых прадстаўнікоў наменклатуры гэтай эпохі. Ён паступальна паднімаўся па кар'ерных усходах і валодае шырокім кіраўнічым досведам (паспеў папрацаваць ва ўрадзе, у адміністрацыі, а таксама амбасадарам у Расеі.
Да таго ж гэта вядомая і зразумелая Крамлю кандыдатура. Менавіта Круты выглядае на гэты момант найбольш верагодным пераемнікам цяперашняга кіраўніка.