«Прызнака роспачы, а не сілы РФ»
4- 19.10.2024, 17:42
- 5,966
ЗША аб удзеле войскоўцаў КНДР у вайне супраць Украіны.
У ЗША заявілі, што пакуль не могуць пацвердзіць інфармацыю аб прыцягненні паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у вайну РФ супраць Украіны, аднак калі такія звесткі пацвердзяцца, гэта будзе сведчыць аб роспачы Крамля.
Пра гэта сказаў прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Шон Савет, якога цытуе «Голас Амерыкі».
З ягоных слоў, калі Паўночная Карэя далучыцца да Расеі, ЗША будуць кансультавацца са сваімі хаўруснікамі і партнёрамі аб наступствах "такога драматычнага кроку".
Савет таксама адзначыў, што такі крок таксама "будзе сведчыць аб роспачы Расеі, паколькі яна працягвае несці надзвычайныя страты на полі бою ў сваёй жорсткай вайне супраць Украіны".
"Калі Расея сапраўды будзе вымушана звярнуцца да КНДР па чалавечую сілу, гэта будзе прыкметай роспачы, а не сілы з боку Крамля", - канстатаваў ён.
Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Кірыл Буданаў раней заявіў, што блізу 11 тысяч пяхотнікаў з КНДР могуць прыцягнуць у вайну з лістапада.