«Авантура Пуціна настроіла Кітай супраць РФ»
4- 2.10.2024, 8:56
- 14,312
Пекін адказаў на ядзерны ультыматум Крамля.
Кіраўнік РФ Пуцін, выставіўшы свету чарговым разам свой ядзерны ультыматум, чым моцна раззлаваў Пекін. Цяпер кітайцы пачалі сваю аперацыю прымусу Масквы да міру.
Такое меркаванне ў сваім блогу ў YouTube высунуў расейскі палітык, гісторык Дзмітрый Чарнышэўскі, піша “Дыялог.UA”.
Ён мяркуе, што ЗША і Кітай яшчэ ў жніўні 2024 года ўзгаднілі план замарозкі вайны РФ супраць Украіны. Адбылося гэта нібыта падчас візіту ў Пекін дарадцы прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйка Салівана. Аднак рэалізаваць яго не ўдалося з-за Пуціна.
“Саліван сапраўды прыязджаў у Пекін (у жніўні 2024-га — рэд.), яны там дамовіліся… Таму адразу ж Ван І паляцеў у Маскву, перадаў Пуціну ўзгоднены кітайска-амерыканскі ультыматум… У прынцыпе, Масква была згодная на гэтыя ўмовы, але хацела выціснуць яшчэ больш з Украіны... Пуцін падумаў, што нагне ўсіх. Але ў выніку нешта пайшло не так… Усё змянілася. Кітай зусім нечакана для Масквы пачаў аперацыю прымусу да міру Расейскай Федэрацыі, не Украіны”, - расказаў расейскі экспэрт.
Прычынай стала новая пагроза дыктатара РФ Пуціна. Пекін адрэагаваў на яе, абвясціўшы на палях Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку новую платформу "Сябры міру". У Маскве спачатку пагадзіліся, палічыўшы, што гэта вынік ранейшых дамоўленасцяў. Але рэальнасць была больш сумнай для ўладаў РФ.
“Тут жа рыторыка Расеі змянілася. Лаўроў ужо выказвае здзіўленне… Расейскія паблікі і газеты пачалі лямантаваць як рэзаныя, што "кітайцы нам не сябры", што яны нам "нанеслі ўдар у спіну", што "кітайцы нам здрадзілі". Мірныя прапановы Кітая Раскі былі зусім не даспадобы. Ужо апублікавана ў СМІ, што "сябры міру" падтрымліваюць міжнародныя межы, тэрытарыяльную цэласнасць, незалежнасць, суверэнітэт дзяржаў. І на гэтай аснове павінны ўкладацца пагадненні. А гэта Крым - Украіне, ніякага “Л/ДНР”, ніякіх “новых абласцей”. Пуціну сказалі, што ён не атрымае нічога. І робіць гэта Кітай. Так, ядзерны ультыматум быў пачуты... Кітайцы цалкам разварочваюцца”, - распавёў Чарнышэўскі.
Ён упэўнены, што з гэтага часу Кітай будзе прымушаць Расею да міру. А яму ёсць, на што ціснуць, бо РФ поўнасцю залежыць ад Пекіна і ў ваеннай сферы, і ў эканамічнай.
“Гэта значыць, што ніякіх шэрых экспартаў больш не будзе, чыпаў ніхто не прывязе. А Кітай перакрые велізарную трубу для пастаўкі боепрыпасаў з Паўночнай Карэі ў Расею ... Набояў, пастаўленых летась, было больш, чым РФ сама зрабіла, гэта вызначальны чыннік. Без паўночнакарэйскіх набояў Расея вайну больш працягваць не зможа. Калі Кітай пакіне Расею, яна не зможа працягваць вайну ўжо ў наступным 2025 годзе, вельмі хутка», - растлумачыў расейскі экспэрт.
Ён адзначыў, што ўлады РФ ужо спрабуюць "адыграць назад" свае ядзерныя пагрозы. З тэрміновай заявай выступіў прэс-сакратар расейскага дыктатара, сцвярджаючы, што ніякіх удараў не плануецца, і ўвогуле змена ядзернай дактрыны — гэта доўгая працэдура.