Расейскія ўлады пастанавілі адправіць на вайну падсудных
3- 2.10.2024, 11:22
- 3,920
Асуджаныя ўжо заканчваюцца.
Расейскія ўлады пачалі падрыхтоўку да масавай адпраўкі падсудных на вайну ва Украіну, распавялі “Важным историям” дзве крыніцы ў Мінабароны, а таксама адвакаты, якія працуюць з крымінальнымі артыкуламі.
Дагэтуль на фронт вербавалі толькі падследных і ўжо асуджаных. Але ў канцы верасня Дзярждума адразу ў другім і трэцім чытаннях прыняла законапраект, які дазваляе забіраць на фронт падсудных. Хоць прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін яшчэ не падпісаў закон, у СІЗА ідзе падрыхтоўка да таго, каб падсудных «сарваць з ланцуга» - адправіць на вайну, кажуць адвакаты.
Ваеннаслужачыя, якія займаюцца вярбоўкай на кантракт, атрымалі адпаведную задачу, пацвердзіла крыніца "Важных гісторый" у Мінабароны. Паводле яе слоў, зараз яны збіраюць інфармацыю, колькі падсудных прыдатныя да вайсковай службы і як шмат сярод іх ахвочых укласці кантракт.
"З прыкладна 60 тысячы падсудных чакаецца забраць 40 адсоткаў", - адзначыў субяседнік. Такім чынам, размова можа ісці прыкладна аб 24 тысячых чалавек. Гэта блізка да лічбы, якую называюць адвакаты. Паводле іх звестак, з кожнага СІЗА, якіх у Расеі 210, плануецца адправіць ваяваць блізу 100 падсудных, сумарна амаль 20 тысяч.
Паводле звестак ФСВП, усяго ў расейскіх СІЗА на пачатак 2024 года знаходзілася 106 тысяч чалавек, аднак у гэты лік уваходзяць не толькі падсудныя, але і падследныя, абвінавачаныя і г.д. На працягу года на лаве падсудных апынаюцца сотні тысяч расейцаў, якія праходзяць паводле крымінальных спраў. Так, напрыклад, у 2023 годзе суды разгледзелі крымінальныя справы ў дачыненні да 769 тысяч чалавек, вынікае са звестак Судовага дэпартамента пры Вярхоўным судзе.
Яшчэ да прыняцця Дзярждумай закона аб магчымасці для падсудных адправіцца на фронт ні ў адным СІЗА не было браку ахвочых укласці кантракт з Мінабароны, кажа адзін з адвакатаў. У сваю чаргу ў СІЗА пачалі падштурхоўваць да падпісання кантракта шляхам узмацнення жорсткасці ўмоў утрымання, распавёў адвакат Дзмітрый Захватаў. Паводле яго слоў, гэта робіцца з-за нежадання ўладаў аб'яўляць другую хвалю мабілізацыі.
У той жа час, як адзначае блізкая да Генштаба крыніца выдання, колькасць зняволеных для адпраўкі на вайну змяншаецца. «Асуджаныя па лёгкіх артыкулах, тыя, каму нядоўга сядзець, не надта ахвотна ідуць ваяваць. У Расеі значную частку такога кантынгенту ўжо выграблі, даводзіцца браць патэнцыйных сядзельцаў на ўваходзе», - растлумачыў суразмоўца.
Пры гэтым ён зазначыў, што адпраўка на вайну 40% падсудных — "гэта чыноўніцкія абяцанні, магчыма, з улікам досведу набору падследных і зняволеных".